BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Грамадазнаўца Лявон Вольскі

“Ёсць адзін квіток на Лявона Вольскага на сёння!” – прачытаў я ў фэйсбуку раніцай 23 сакавіка. Падумаў: “Камусьці пашанцуе, бо квіткі даўно раскупленыя”. Гаворка пра канцэрт у Варшаве, прымеркаваны да Дню Волі. Уявіць сабе Лявона Вольскага ў Беларусі пакуль не магчыма. Бо ўся ягоная творчасць — суцэльны супраціў рэжыму, нават калі ён прамаўляе “Спявай мне песні пра каханне!”

Афіцыйна Лявон Вольскі адзначае дзесяцігоддзе выхаду альбому “Грамадазнаўства”. А як не афіцыйна, то ў прынцыпе ўсе песні  Лявона – рэакцыя на працэсы жыцця беларусаў.

“Хай варожыць гадзюшнік варожыць, усё роўна мы пераможам!”, – спявалі а капэла музыканты на падтрымку пратэстоўцаў.

Тыя ці іншыя песні Лявона Вольскага заўжды гучалі на акцыях пратэсту. Яны ў Беларусі і цяпер гучаць, толькі ў прыватных прасторах. Бо жыць у захопленай бандытамі краіне згодна свайго сумлення – гэта ўжо пратэст.

“Грамадазнаўства” – грувасткая назва. Наступны альбом з серыі яшчэ з больш складанай назвай – “Псіхасаматыка”. Лявон як бы падкрэслівае, што жыццё такое – не проста сканструяванае. Грамадства, як і асобны чалавек, можа плыць па рэчышчы, а можа супраціўляцца, ды ляпіць сябе насуперак выпрабаванням.

2014 год. Ва Украіне перамагае Майдан, у Беларусі тры гады па маўклівых акцыях пратэсту, тры гады пасля тэракту ў менскім метро і тры з гакам гады пасля Плошчы’2010. На двары шэрань, у навушніках “Грамадазнаўства”.

“Дзяўчыны выглядаюць як прастытуткі, хлопцы выглядаюць як міліцыянты” – цытата з альбому. Камусьці падаецца перабольшваннем, але сёння насіць пагоны ў лукашэнкаўскай Беларусі – гэта сацыяльнае прастытуяванне.

У “Грамадазнаўстве” аўтар прадчувае тое, што станецца страшнай праўдай для ўсіх – шэрань, якая запануе на тэрыторыі цэлай краіны.

“Куды не ўцякай, куды не бяжы, і тут ты чужы, і там ты чужы”. Фраза з “Грамадазнаўства”, актуальная і сёння для беларусаў па абодва абакі мяжы.

“Вярні жыццё сваёй краіне, яна ў сне халодным гіне” – яшчэ адна цытата.

Але Лявон Вольскі не быў бы сабой, калі б не пакідаў слухачу святло ў канцы тунэлю – “маё каханне, пакажы мне шлях дадому!”

З Днём Волі! Жыве Беларусь!

Беларускае Радыё Рацыя