19 снежня споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння беларускага і грузінскага празаіка, драматурга, тэатральнага крытыка, перакладчыцы, заслужанай артысткі Грузіі Тамары Цулукідзе (1903-1991).

Тамара Цулукідзе нарадзілася ў Грузіі. У 1924 годзе скончыла Тбіліскі дзяржаўны тэатральны інстытут і была прынятая ў трупу Акадэмічнага тэатру імя Шата Руставелі. Як “жонка ворага народа” (яе муж, вядомы рэжысёр Сандро Ахметэлі, быў расстраляны), у 1937-1946 гадах знаходзілася ў сталінскіх лагерах у Сібіры. У 1946 годзе Тамара Цулукідзе вызвалілася, а потым пераехала ў Курск, дзе працавала рэжысёрам абласнога тэатра лялек. Тут паўторна была арыштавана па ранейшай справе і выслана ў Краснаярскі край, дзе пазнаёмілася з рэпрэсаваным беларускім пісьменнікам Алесем Пальчэўскім і стала яго жонкай.

У 1959-м Тамара Цулукідзе зрабіла свой выбар і пераехала ў Менск. Яна вывучыла беларускую мову: пісала на ёй дзіцячыя п’есы і апавяданні, шмат перакладала з грузінскай на беларускую і наадварот. У 1991 годзе Тамара Цулукідзе памерла ў Менску. Прах яе быў перапахаваны ў Тбілісі.

Беларускае Радыё Рацыя






