Беларуская актывістка Марыя Грыц рыхтуе падарожжа ў Данію за копіяй крыжа княгіні Соф’і Менскай.

Марыя Грыц набліжаецца да ўвасаблення, як яна сама кажа, авантурнай ідэі: разам з групай беларусаў зрабіць копію сярэднявечнага крыжа княгіні Соф’і Менскай, больш вядомага ў Даніі як крыж Дагмар, і на караблі паплыць у Капэнгаген, дзе ў музеі захоўваецца арыгінальны артэфакт XII стагоддзя.
– Вандроўку мы плануем на канец жніўня. Яшчэ паўгода да гэтай даты. Дакладны дзень пакуль не магу сказаць. Гэта будзе атракцыён. Так што прашу ўсіх, хто пачуўшы-прачытаўшы пра пірацкі флот, адразу зарадзіліся злосцю: Марыя, як ты смееш, беларусы і піраты, і г.д. Прашу трошкі паспакайнець. Гэта атракцыён. Мы паплывем не рабаваць, а вяртаць нашыя скарбы.
Па словах Марыі, вельмі важна, каб беларусы не забываліся пра сваю спадчыну:
– Зараз ужо ідзе праца над копіяй Крыжа каралевы Сафіі, якая была ўнучкай менскага князя Глеба. Яе можна лічыць менскай князёўнай, або полацкай – як прадстаўніцу роду Рагвалодавічаў. Гэта і наш скарб таксама.

На выраб копіі крыжа ўжо сабраны неабходныя сродкі: каля 65 чалавек ахвяравалі прыкладна 1800 эўра, а астатнюю частку пакрылі прадстаўнікі беларускай ініцыятывы Maldzis. Праца над рэплікай пачалася яшчэ да завяршэння збору сродкаў.
Грыц падкрэслівае, што праект мае не толькі сімвалічны, але і культурна-гістарычны характар — ён патрабуе ўвагі да сярэднявечнай беларускай спадчыны, ролі жанчыны ў палітыцы і духоўнасці таго часу.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






