Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, які знаходзіцца ля вёскі Азярцо Менскага раёна, запрашае 21 сакавіка а 14:00 на свята «Гуканне вясны».

«Гуканне вясны» — абрадавае дзейства, звязанае з адмыканнем і абуджэннем зямлі, набліжэннем цяпла. У розных куточках Беларусі пачыналі гукаць вясну ў свой час — падчас масленічнага тыдня ці на Саракі, з прылётам жаваронкаў ці на Дабравешчанне.
Гукалі гучна, звонка і натхнёна. Дзяўчаты збіраліся разам і пачыналі спяваць «вяснянкі-заклічкі». Верылі, што ў тым канцы вёскі, дзе распачалі спевы раней, дзяўчаты хутчэй пойдуць замуж і будуць мець лепшы ўраджай, — распавялі ва ўстанове.
Удзельнікаў свята чакае:
– рэканструкцыя веснавых абрадаў;
– вывучэнне веснавых песень;
– майстар-класы па беларускім танцам і гульням, вырабу птушак, «маляванцы на шкле», выцінанцы;
– выступ фальклорных гуртоў;
– вогнішча і карагоды.






