Беларускі рок-гурт “N.R.M” рыхтуе ”APOŠNI” студыйны альбом. Чым ён будзе цікавы? Якія эпохі будзе змяшчаць? І якое дачыненне да яго мае вядомы дызайнер Уладзімір Цэслер? Пра гэта і не толькі Госць Рацыі – лідар гурта Піт Паўлаў – распавёў нашай журналістцы Марыне Савіцкай.

РР: “N.R.M” запісвае апошні альбом. Чым ён будзе адметны?
Піт Паўлаў: Па-першае, сыходзячы з назвы, пакуль што ў нашых галовах ён будзе апошнім. Гэта проста аб’ектыўна апісвае сітуацыю, у якой мы апынуліся. Усе ўдзельнікі “N.R.M” і асноўныя тры і дадатковыя гітарысты – усе раскіданыя не проста па розных гарадах, а нават па розных краінах. Гэта апісвае становішча калектыву. І выглядае, што альбом будзе апошнім. Па-другое, раней альбомы “N.R.M” пісаліся вельмі хутка, а гэты альбом расцягнуўся на гады. І ён расцягнуўся на эпохі, таму што ў маёй галаве эпоха да рэвалюцыі, рэвалюцыя, пачатак вайны і яшчэ адна эпоха. Бо напачатку вайны, калі ездзіў у Кіеў, яшчэ была ілюзія, што вайна можа хутка скончыцца. І калі б свет не быў такі абыякавы, яна магла б скончыцца хутка. Але зараз ужо бачна, што свет спачатку забіў болт на Беларусь, і зараз такі ж самы болт забівае на Украіну. Усе гэтыя эпохі адбіліся ў напісаных песнях, таму што песні пісаліся працяглы час. Гэта звязана з тым, што мы не так часта збіраліся.
Падтрымаць збор цяпер можна на платформе Gronka: https://gronka.org?caseId=recOrkgUoiC5KQSyS.
Беларускае Радыё Рацыя






