Беларускі гурт Prypiać апублікаваў кліп на новы сінгл «Матылі» — атмасферную і змрочную песню пра безнадзейнасць і тугу. Нібыта The Cure запісалі свой першы беларускамоўны трэк, а пасля ўсё гэта зафіксаваў на камеру Антон Карбэйн.

— Гэта песня пра разгубленасць чалавека, пах апаленых крылаў і бясконца вясёлую безнадзейнасць, — распавядае лідар гурта Казімір Савіцкі.
Кліп на песню «Матылі» здымаўся ў Варшаве снежаньскай ноччу ў даволі экстрэмальных умовах у паўзе паміж канцэртамі «Петли пристрастия».
— Усё трэба было зняць за адну ноч у зімовым лесе. Іншых варыянтаў папросту не было. Казімір прыехаў з Кракава, Саша — з Берліна. Мінімальнае вакно магчымасцяў! Было вільготна, халодна, але дзякуючы Ягермайстру, мандарынам і наша цудоўнай камандзе — усё атрымалася! — распавядае Цімафей Савіцкі.
Рэжысёркай і аператаркай кліпа стала Даша Каляда, яна ж працавала над відэа «Петли пристрастия» на песню «Штосьці добрае».
Паслухаць песню «Матылі» можна тут https://band.link/whuFf
Паглядзець кліп на песню можна тут https://www.youtube.com/watch?v=zPWFcGDjaKo
Prypiać — гэта праект 17-гадовага Казіміра Савіцкага, сына бас-гітарыста «Петли пристрастия» Цімафея. Менавіта Казімір — аўтар песень і фронтмэн новага гурта. Акрамя яго ў склад Prypiać увайшлі Саша Энджэла («Модель поведения»), Дзяніс Тарасенка («Разбітае сэрца пацана») і Цімафей Савіцкі («Петля пристрастия»). Нядаўна калектыў выдаў свой дэбютны сінгл «Медыкамент», які можна паслухаць тут https://band.link/0nYZs.






