BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Гжэгаж Радзевіч: Маляваць я вучыўся ў кузьні майго бацькі

Гэтага мастака называюць адным з самых адметных у Беластоку. У яго майстэрні пяць-шэсць карцін, бо калекцыянеры і аматары жывапісу літаральна палююць за імі.

Гжэгаж Радзевіч паходзіць з ваколіц Беластоку, і са свайго дзяцінства згадвае, што сваякі па матчынай лініі размаўлялі па-своему.

З мастаком пра яго мастацкую мову і пра яго карані пагутарыў Васіль Кроква.

РР: Гжэгаж, твае карціны вельмі пазнавальныя. Як ты ўвогуле гэтую мастацкую мову знайшоў?

Гжэгаж Радзевіч: Гэта не была такая аднаразовая і хуткая акцыя. Паволі-паволі. На студыях пачаў крыху рабіць рэчы, якія набліжаліся да таго, што раблю зараз. І з кожным годам мой жывапіс мяняўся-мяняўся і вось да таго моманту, якім зараз з’яўляецца.

РР: Гэтыя робаты, якіх ты малюеш, гэта персанажы нейкіх казак тваіх? Што яны робяць у тваіх карцінах?

Гжэгаж Радзевіч: Гэта цікавая гісторыя. Калі я вучыся ў мастацкім ліцэі, тады ўжо пачаў маляваць рознага тыпу рэчы. Мой бацька быў кавалём. І ён меў сваю кузьню. У той майстэрні я сядзеў і маляваў малюнкі, калі вучыўся ў ліцэі. І мне вельмі падабалася маляваць гэтыя розныя механічныя інструменты. І паціху з гэтага хіба ўсё і пачалося. Я не любіў маляваць пэйзажы, ці кветкі, ці штосьці яшчэ такое. А з тых розных механічных рэчаў прыдумляў і будаваў сабе свет.

РР: Твае карціны вельмі літаратурныя, бо можна прыдумляць казкі з тваімі персанажамі. Але я бачу, што ты апошнім часам пачаў змяняцца. Твае карціны пачалі набываць нейкі іншы змест. Касмічны, напрыклад. Гэта што, ты пачаў рухацца ўжо некуды далей?

Гжэгаж Радзевіч: Гэта звыклы для мяне працэс. Паволі кудысьці рухаюся. Спрабую чагосьці новага, эксперыментую. Маляваў розныя лятаючыя апараты, тыя, якія ездзяць, плаваюць. Зараз з’явіліся крыху касмічныя. Маю розныя ідэі, падабаецца мне такі пошук. Заўтра, магчыма, будзе штосьці зусім іншае.

РР: Ты вядомы мастак у Беластоку? Але сам адкуль паходзіш? Дзе твае карані?

Гжэгаж Радзевіч: Я паходжу з Падляшша, дакладней з-пад Беластоку, з Юхноўца. Але я вучыўся ва Уроцлаве, і менавіта там сталеў і шмат чаго атрымаў. Бо падчас студэнцкага сталення шмат чаго можна пазнаць і атрымаць. Там, вядома, крыху іншая культура, яна нават інакш функцыянуе. Там я вучыўся у Вышэйшай мастацкай вучэльні. Знаёміўся з мясцовымі мастакамі і з усёй Польшчы. Таму я крыху з Беластоку і крыху з Уроцлава.

РР: А калі ты з Падляшша… Падляшша ўсё ж такі рэгіён мультыкультурны. Тут з даўніх часоў жылі беларусы. Тут шмат ёсць вёсак беларускіх, мястэчак беларускіх. І, думаю, тут шмат у каго пераплеценыя лёсы. Ці маеш ты нейкае дачыненне да беларусаў, да беларускай культуры?

Гжэгаж Радзевіч: Я памятаю свае падарожжы да сваякоў з боку мамы. І я згадваю, што ў маёй сям’і размаўлялі такой дзіўнай мовай, цяжка мне сказаць, што гэта была за мова. Ці гэта была беларуская мова, ці проста нейкая тутэйшая. Там тыя раёны былі перамешаныя. І мая хросная на такой мове размаўляла. Дакладна не ведаю пра свае карані. Але маё прозвішча папулярнае і ў Беларусі, і ў Літве.

Беларускае Радыё Рацыя