У студзені 2025 года ў Гайнаўцы пачнецца судовы працэс над Эвай Мароз-Кечыньскай і чатырма іншымі асобамі, якія абвінавачваюцца ў садзейнічанні незаконнаму знаходжанню мігрантаў у Польшчы. Іх абвінавачваюць у прадастаўленні ежы, вады і адзення курдскай сям’і з сямю дзецьмі, а таксама ў пошуку для іх прытулку. Пракуратура сцвярджае, што іх дзеянні былі матываваныя імкненнем да асабістай выгады для асоб, якім дапамагалі.

Рэжысёр і драматург Іаана Троц звярнула ўвагу на гэтую праблему ў сваім спектаклі “Маленькі доктар вярнуўся“, які быў прадстаўлены ўпершыню ў 2024 годзе на Падляшшы. Спектакль атрымаў шырокі грамадскі рэзананс, узнімаючы пытанні гуманнасці і адказнасці ва ўмовах палітычных і сацыяльных канфліктаў, пра што Вольга Сямашка і пагаварыла з Іаанай Троц:
– Спектакль «Маленькі доктар вярнуўся» мы стваралі ў жніўні-верасні 2024 года. Прэм’ера адбылася ў верасні ў Беластоку. На Падляшшы паказалі таксама ў Бельску-Падляшскім і ў Гайнаўцы. Цяпер наш спектакль паедзе ў Варшаву. У Варшаве ён будзе таксама распавядаць гісторыю, якая адбылася і далей адбываецца на польска-беларускай мяжы. Гэта мона-спектакль, гэта мона-драма Рафала Петчака. Рафал грае постаць доктара, сапраўдную постаць доктара Арсалана Аззаддзіна, які з’яўляецца дырэктарам шпіталя ў Бельску-Падляшскім. Доктар Арсалан Аззаддзін курд, які паходзіць з Іраку, вывучаў медыцыну ў Беластоцкім медуніверсітэце ў 80-х гадах. Вывучыў польскую мову, прыехаў сюды вучыцца і планаваў вярнуцца на радзіму. Але так усё склалася, што застаўся ў Польшчы. Спачатку працаваў у Беластоку, пазней крыху працаваў у Варшаве, і пазней вярнуўся на Падляшша. І цяпер ён ужо колькі гадоў у Бельску-Падляшскім.

Калі пачаўся гуманітарны крызіс на польска-беларускай мяжы, у Бельск-Падляшскі службы прывозілі мігрантаў з лесу, і наш доктар лячыў гэтых мігрантаў. Мог з імі пагаварыць. І гэта было вельмі важна, таму што ён ведае шмат усходніх моваў, такіх як курдская, турэцкая, арабская мовы. Пацыенты яму расказвалі пра ўсё, што здарылася з імі. Доктар Арсалан Аззаддзін падумаў, што яшчэ ён можа зрабіць акрамя таго, што лечыць людзей, можа таксама пазваніць у медыя і паведаміць, перадусім у курдскія медыя, таксама і іншыя, пра тое, што тут сапраўды адбываецца. Людзі хочуць прыязджаць у Заходнюю Еўропу, думаюць, што гэта вельмі простая дарога, хаця яна каштуе шмат, але гэта дарога бяспечная. А аказваецца, што насамрэч зусім інакш. Ён выступаў на розных арабскіх тэлеканалах і гаварыў пра тое, як гэта сапраўды выглядае, якіх пацыентаў ён прымае ў сябе, што яны расказваюць. Гэта прывяло да таго, што шмат людзей назвалі яго здраднікам, што ён супрацоўнічае з польскімі спецслужбамі, што ён не курдскі патрыёт. Але ж ён гэта ўсё рабіў таму, каб паказаць, якая праўда, каб людзі не паміралі тут, таму што ён бачыў шмат чаго.
РР: Галоўным героям з’яўляецца рэальны чалавек. Ці сам гэты доктар, які рэальна жыве і працуе ў Бельску-Падляшскім, бачыў ужо ваш спектакль? Можа ўжо была ад яго адваротная рэакцыя? Як ён гэта ўспрыняў?
Іаана Троц: Я рабіла гэты спектакль у такі спосаб, што проста хадзіла да яго, рабіла з ім інтэрв’ю, і з гэтых інтэрв’ю стварыла сцэнар, і пазней ім карыстаемся ў спектаклі. У спектаклі не маем іншых словаў, толькі тыя, што сапраўды сказаў Арсалан Аззаддзін. Я таксама хацела, каб не было сітуацыі, што доктар штосьці сказаў, але я скарыстала гэты словы ў іншым кантэксце, што будзе нешта не так. І доктар напачатку мог прачытаць сцэнар. Пазней мы рабілі на аснове першай версіі сцэнара перфарматыўнае чытанне ва Уроцлаве. І пасля гэтага чытання я ўжо напісала праект да тэатральнага інстытута ў Варшаве і атрымала грант. І тады ўжо стварыла спектакль, і магла запрасіць розных творцаў, такіх як дуэт SwÅda x Niczos, які стварыў музыку да гэтага спектакля, змагла таксама запрасіць Аляксандру Чарняўскую, якая стварыла для гэтага спектакля мультымедыя, запрасіла актора Рафала Петчака, які зайграў доктара.
Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва Іааны Троц і Паўліны Сегень.