BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ігар Лукашук: Медаль «Гонар і годнасць» ад АПК па праве належыць усёй беларускай супольнасці ліцэя ў Гайнаўцы

Аб’яднаны Пераходны Кабінет прыняў рашэнне ўзнагародзіць выбітных людзей за ўнёсак у захаванне і папулярызацыю беларускай мовы. У спісы ўзнагароджаных трапілі і беларусы Падляшша. Сярод іх медалём «Гонар і годнасць» уганараваны шматгадовы дырэктар Беларускага ліцэя ў Гайнаўцы Ігар Лукашук.

Пра дэталі ўзнагароджання, а таксама далейшыя планы гайнаўскага ліцэя на фоне палітычных і сацыяльна-культурных тэндэнцый на Падляшшы мы пагутарылі са спадаром Ігарам Лукашуком:

РР: Вас ушанаваў Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі ўзнагародай «Гонар і годнасць»?

– Гэта праўда, у чацвер пасля поўдня я даведаўся, што мне была прызнаная такая ўзнагарода. Пры тым мне падаецца, што яна не для мяне, а на мае рукі. Яна для ўсіх тых, хто ўжо цягам больш за год рабілі ўсё, каб Гайнаўскі Беларускі Ліцэй застаўся тым чым ён быў на працягу больш за 70 гадоў. Бацькам, настаўнікам, беларускаму асяроддзю, таксама больш за тысячы людзей, якія склалі свае подпісы ў падтрымку Гайнаўскага Беларускага Ліцэя, і самаўраду, які актыўна працаваў над тым, каб захаваць характар нашай школы.

РР: Таму яшчэ раз віншую Вас з гэтай узнагародай, бо сапраўды за справу. Прычым гэта заўважылі беларусы ў выгнанні, якія пакінулі Радзіму. Яны нарэшце ўбачылі, як па-за межамі Беларусі вырашаюцца беларускія пытанні. Тым не менш на сёння якія ёсць праблемы ў ліцэя, ці трэба яшчэ нешта вырашыць?

– На гэты момант усе тыя крокі, якія былі пачатыя папярэдняй асветніцкай уладай, прыпыненыя. Можна сказаць, што гэты працэс не ідзе. Але ўсё гэта паказала нам, што фактычна трэба імкнуцца, каб выпрацаваць законы на вышэйшым роўні, каб ніколі ў будучыні не ствараць такой магчымасці, каб псаваць тое, што добрае, каб псаваць беларускае школьніцтва. Таму што беларускія ліцэі маюць вельмі вялікае значэнне для беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Выпускнікі гэтых ліцэяў – гэта будучыя лідары нашага асяроддзя. А таксама ясна трэба сказаць, што беларуская меншасць на Беласточчыне мае вельмі вялікае значэнне для ўсёй беларускай культурніцкай прасторы. Кожны, хто дапамагае захаваць беларускія ліцэі на Беласточчыне, на самай справе дапамагае захаваць беларускую культуру і мову.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

З «Госцем Рацыі» – дырэктарам Беларускага ліцэя ў Гайнаўцы Ігарам Лукашуком, камунікавала Вольга Сямашка.

Фота аўтара:

Беларускае Радыё Рацыя