23 ліпеня спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка і драматурга Ігара Сідарука. Шчыра віншуем пісьменніка з юбілеем і жадаем яму здароўя, творчага натхнення і сіл.
Ігар Сiдарук нарадзіўся ў Кобрыне. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1986 годзе. Зведаў спецыяльнасці ад заліўшчыка гарачага металу да карэспандэнта незалежнай прэсы.
З 1993 года працаваў загадчыкам літаратурна-драматычнай часткі Берасцейскага тэатра лялек. Аўтар паэтычных зборнікаў «Чарнабел», «Саната Арганата», «Моўкнасць», зборніка прозы «Квадратная варона», кнігі для дзяцей «Павучальныя гісторыі дзядзечкі Сіда Рука» і каля 20 п’ес, пераважна дзіцячых. Найбольш вядомая п’еса Ігара Сідарука «Галава», якая пабачыла свет у траўні 1992 года на сцэне Тэатра нацыянальнай драматургіі «Вольная сцэна» ў пастаноўцы вядомага нацыянальнага рэжысёра Валерыя Мазынскага.
Беларускае Радыё Рацыя