Незалежная кінапрэмія, якая паказвае тэндэнцыі беларускага кіно. У прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас» трынаццаць намінацый – гэта дакументальныя і мастацкія фільмы, а таксама анімацыя. Напярэдадні арганізатары абвясцілі кароткі спіс намінантаў другога сезону прэміі, якую за мяжой стварылі беларускія незалежныя кінакрытыкі.
У шорт-лісты ўвайшлі па тры работы ў 13-ці намінацыях. Іх ахарактарызавала сузаснавальніца прэміі, кінакрытык Ірэна Кацяловіч:
– Іх можна раздзяліць на пяць катэгорый, якія адзначаюць найлепшыя фільмы, дакументальную гульнявую анімацыю ў кароткім і поўным метры. І тыя, якія адзначаюць фільмы прафесіяналаў, якія найлепш, паводле рашэння журы, справіліся са сваёй задачай – альбо рэжысёр, альбо акцёр, альбо аператар. Мы ўручым прэмію афлайн у лютым. Пакуль што абмяжуюся гэтай інфармацыяй.
У склад журы ўвайшлі 16 кінакрытыкаў, кінажурналістаў і кінадаследчыкаў, якія ацанілі 70 фільмаў 2021 і 2022 гадоў. Імёны пераможцаў назавуць у лютым.
Беларускае Радыё Рацыя