Беларускі pagan folk гурт Irdorath прэзентуе міфалагічны праект Bestiarium: ён будзе ўключаць не толькі музычны альбом, але і кнігу. Дарэчы, значная частка матэрыялу была створаная падчас палітычнага турэмнага зняволення аўтараў.

У красавіку артыстаў чакае тур: выступы пройдуць ў Польшчы, Чэхіі і Германіі.
Падрабязнасці ў гутарцы Гасцей Рацыі – лідараў бэнду Надзеі і Уладзіміра – з нашай журналісткай Марыне Савіцкай.
РР: Досыць хутка вы будзе прэзентаваць свой новы міфалагічны альбом разам з кнігай. Адкуль з’явілася менавіта такая канцэпцыя?
Уладзімір: Была ідэя стварыць альбом на тэму беларускіх міфічных істотаў. З цягам часу на гастролях нашая публіка ўсё часцей прасіла штосьці яшчэ распавесці пра беларускую культуру: на якой мове мы спяваем і пра што мы спяваем. І мы вырашылі крыху раскрыць гэтую тэму і зрабіць такі падарунак нашай замежнай і ў тым ліку беларускай аўдыторыі.
РР: Распавядзіце пра працу над самой кнігай. Што менавіта туды ўваходзіць, як гэта ўсё стваралася?
Надзея: Кніга ў нашым выпадку – гэта зусім не буклет да нашага альбому з тэкстамі песень і перакладамі, а поўнафарматнае выданне, у якім можна будзе зрабіць максімальнае пагружэнне ў свет беларускай міфалогіі. Кожная песня альбому прысвечана рознай істоце з беларускай міфалогіі. І тое ж самае ў кнізе – кожная глава прысвечана камусьці аднаму. І такім чынам можна паслухаць песню, паглядзець адмыслова створаныя ілюстрацыі ў эстэтыцы Irdorath, пачытаць тэкст, пачытаць пераклад, таму што кніга будзе білінгва – на англійскай і беларускай мове.
Там будзе апавядальная частка пра міфалагічную істоту. Другая частка будзе пра песню, таму што падзеі, раскрытыя ў песні, будуць выходзіць за межы проста апавядання легенды. Гэта будзе, можна сказаць, нашая аўтарская казка. І таксама там будуць каментары аўтараў, дзе мы будзем разбіваць чацвёртую сцяну і выходзіць за рамкі акадэмічнасці. Калі ўсё, што я сказала, спрасціць, то гэта вельмі цікавы праект для таго, каб пагрузіцца ў свет беларускай міфалогіі любому чалавеку.
РР: Зараз для беларусаў, мне падаецца, досыць складаны час, усё вельмі эмацыйна перажываецца. Раскажыце пра самага натхняльнага персанажа з гэтага праекту.
Надзея: Мне падабаецца песня, з якой пачынаецца альбом – гэта «Лесавік». Яна раскрывае такую тэму, што Лесавік бароніць свой лес. Чалавек прыходзіць у лес у асноўным са спажывецкай мэтай, каб адшукаць сабе рэсурсы. І нярэдка бярэ значна больш, чым яму патрэбна. Адносіцца да лесу не з павагай, а знішчае гэты храм, створаны прыродай.
Песня «Лесавік» – гэта практычна малітва чалавека, які падыходзіць да лесу і просіць прытулку, таму што яго ўласны метафарычны храм быў таксама зруйнаваны людзьмі, як і храм прыродны, і ён моліцца і звяртаецца да гаспадара леса і просіць упусціць яго. У песні няма адказу, ці пусціць яго Лесавік, ці дапаможа, але ўздымаецца пытанне пра прабачэнне і пошуку агульнай мовы. І я думаю, што для сённяшага нашага часу гэта вельмі важныя пытанні.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






