16 лютага народнаму пісьменніку Беларусі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа, прэміі імя Ленінскага камсамола Беларусі, заслужанаму дзеячу навукі Беларусі, акадэміку Івану Навуменку споўнілася 100 гадоў.

Іван Навуменка – прызнаны майстар лірычнай прозы, мастак-рамантык, захоплены прыгажосцю навакольнага свету, а яго творчасць грунтуецца на ўласна перажытым, аўтабіяграфічным.
Нарадзіўся будучы пісьменнік 16 лютага 1925 года ў мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёна, што на Гомельшчыне, у сям’і чыгуначніка. У школе будучаму пісьменніку лёгка даваліся ўсе прадметы (восьмы і дзявяты класы ён скончыў за адзін год), але найбольш любіў літаратуру.
Калі пачалася вайна, юнаку ішоў сямнаццаты год. Івану, як і яго равеснікам, не давялося здаваць школьныя экзамены. Лёс падрыхтаваў для юнакоў драматычныя іспыты ваенным ліхалеццем. Будучы пісьменнік прымаў актыўны ўдзел у падпольнай барацьбе супраць акупантаў, потым стаў партызанам, змагаўся ў разведвальна-дыверсійнай групе. Ён удзельнічаў у вызваленні роднага мястэчка, а ў 1943 годзе быў прызваны ў армію. Ваяваў на Ленінградскім і Першым Украінскім франтах, у Карэліі, ва Усходняй Прусіі і Сілезіі. На фронце быў старшыной роты разведкі.

Пасля дэмабілізацыі ў 1945 годзе Іван Навуменка працаваў у васілевіцкай раённай газеце «Сацыялістычная праца», потым – карэспандэнтам мазырскай абласной газеты «Бальшавік Палесся», а затым, пераехаўшы ў Менск у пачатку 1950-х гадоў, – у вядомай рэспубліканскай газеце «Звязда». З 1953 года загадваў аддзелам прозы часопіса «Маладосць» і адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце БДУ, затым – у аспірантуры.

З 1958 года Іван Навуменка працаваў выкладчыкам, дацэнтам, прафесарам і загадчыкам кафедры беларускай літаратуры таго ж універсітэта. У 1973 годзе ён стаў дырэктарам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР, з 1982-га – яе віцэ-прэзідэнтам, з 1992-га – саветнікам прэзідыума НАН Беларусі. З 1985 па 1990 год Іван Навуменка быў старшынёй Вярхоўнага Савета Беларусі 11-га склікання.

У друку творы Івана Навуменкі з’явіліся яшчэ да вайны. У 1946 годзе абласныя і рэспубліканскія выданні ахвотна змяшчалі нарысы, фельетоны, вершы маладога аўтара. Першыя апавяданні з’явіліся ў 1955 годзе ў часопісе «Маладосць». У 1957 годзе ўбачыла свет першая кніга Івана Навуменкі – «Сямнаццатай вясной». У ранняй творчасці Іван Навуменкі адлюстраваны лёс юнакоў у перадваенны і ваенны час. Творы пісьменніка вылучаюцца мяккім лірызмам, майстэрствам выкарыстання мастацкай дэталі, лёгкім гумарам, глыбокім пранікненнем ва ўнутраны свет герояў.

Паступова аўтар пераходзіў да напісання твораў буйнейшых жанраў: у 1959 годзе выйшла аповесць «Вайна каля Цітавай копанкі», у 1960-м – аповесць «Бульба». Неўзабаве чытачы атрымалі раманы Івана Навуменкі «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967) і «Сорак трэці» (1974), якія склалі трылогію пра змаганне маладых беларускіх патрыётаў супраць фашысцкіх акупантаў і прынеслі празаіку шырокую вядомасць.




Іван Навуменка з’яўляецца не толькі прызнаным пісьменнікам, але і аўтарытэтным вучоным у галіне літаратуразнаўства. Ён аўтар даследаванняў «Якуб Колас: нарыс жыцця і творчасці», «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч», «Змітрок Бядуля», «Максім Багдановіч» і іншых. За кнігі «Янка Купала: духоўны воблік героя» і «Якуб Колас: духоўны воблік героя» ў 1972 годзе даследчыку літаратуры прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Якуба Коласа. У 1995 годзе Івану Навуменку прысвоена званне народнага пісьменніка Беларусі.

Памёр пісьменнік 17 снежня 2006 года, пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Менску. Імя Івана Навуменкі прысвоена адной са сталічных вуліц, у 2011 годзе ў памяць пра народнага пісьменніка адкрыта мемарыяльная дошка на доме № 36 па вуліцы Карла Маркса ў Менску, выпушчана паштовая марка.