Беласток шукае новую сядзібу для Цэнтра беларускай культуры, створанага самакіраваннем Падляшскага ваяводства, каб пашырыць сваю дзейнасць і падтрымліваць беларускае культурнае асяроддзе ў рэгіёне.

Сёння ў праграме «Госць Рацыі» — сябра Маршалкоўскай Управы Падляшскага ваяводства Яцэк Пёрунэк, адказны за сферу культуры – распавядае пра пошукі будынку, магчымасці для мастацкіх і адукацыйных праектаў, а таксама пра тое, наколькі Цэнтр можа дапамагчы ў арганізацыі адукацыі для дзяцей — грамадзян Беларусі на Падляшшы.
“Госць Рацыі” падкрэслівае, што новы будынак для ЦБК павінен быць у цэнтры горада ці ў даступным месцы, з магчымасцю арганізоўваць выставы, канцэрты, архіўныя праекты, бібліятэку і майстар-класы для дзяцей і дарослых. Бо на Цэнтр ускладзена місія не толькі развіваць культуру, але і садзейнічаць беларускамоўнай адукацыі на Падляшшы.

РР: Раскажыце пра працу Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, для чаго ён ствараўся і ці ўсё ўдалося, што хацелася.
Яцэк Пёрунэк: Цэнтр беларускай культуру ў Беластоку быў створаны яшчэ падчас дзейнасці папярэдняга складу Маршалкоўскай управы. Былі выдаткаваныя сродкі, там здаецца паўтара мільёна злотых бюджэту. Наступны склад управы пастанавіў падтрымліваць гэты Цэнтр, каб спрыяць руху нацыянальных меншасцяў у ваяводстве. Былі мы таксама ініцыятарамі стварэння камісіі нацыянальных меншасцяў у ваяводскім Сейміку. А гэта ўжо, варта адзначыць, моцная рэпрэзентацыя. Але, вяртаючыся да Цэнтра беларускай культуры, быў павялічаны бюджэт яшчэ на мільён злотых, то бок цяпер два з паловай мільёна. Плюс яшчэ пэўныя датацыі, якія перыядычна паступаюць, то ў цэлым гэта каля трох мільёнаў злотых.
Цэнтр беларускай культуры функцыянуе, але яго найбольшай праблемай з’яўляецца адсутнасць сядзібы. Сёння Цэнтр знаходзіцца ў будынках Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства на вуліцы Кілінскага, там, дзе месціцца дэпартамент культуры. У гэтым памяшканні для Цэнтра мала месца, бо там знаходзіцца і дэпартамент культуры і іншыя ўстановы. Таму мы шукаем для Цэнтра новую сядзібу. І зараз звярнулі ўвагу на будынак, які на вуліцы Міцкевіча. Гэта старая, яшчэ даваенная камяніца, якая сёння не знаходзіцца ў належным стане, каб у ёй функцыянаваць. Трэба яе адрэмантаваць. Там добры паркінг, выдатнае месца, бо гэта цэнтр горада. Я яшчэ не магу сказаць дакладна, бо шмат рашэнняў трэба ўзгадніць, але я ўносіў бы гэтую прапанову, каб перадаць пад Цэнтр беларускай культуры той будынак. І, канешне, дапамагчы адшукаць сродкі для таго, каб гэтую камяніцу адрэмантаваць.

РР: Ці можаце вы акрэсліць тэрміны калі будзе выдзелены асобны будынак для Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку?
Яцэк Пёрунэк: Гэта цяжка сёння сказаць. Бо будынак патрабуе сур’ёзнага рамонту. І гэта будзе выдатная справа, бо адметная даваенная беластоцкая камяніца вернецца да жыцця. Мы разумеем, што для гэтага патрэбныя немалыя сродкі. Аднак думаю, што і сам Цэнтр культуры таксама імкнуўся б шукаць для гэтага сродкі. І мы, Маршалкоўская ўправа, напрыканцы гэтага года зможам гэты будынак перадаць, а рамонт будзе доўжыцца наступныя месяцы.

РР: Як вы самі бачыце развіццё ў Беластоку Цэнтра беларускай культуры? Можа патрэбныя нейкія новыя накірункі? Што гэта можа быць?
Яцэк Пёрунэк: Гэта арганізацыя, якая яшчэ знаходзіцца на пачатку свайго развіцця. Там працуе каля 9 работнікаў. Значная частка дзейнасці, якая там адбываецца, гэта пераважна культурныя мерапрыемствы, якія ладзяцца ў розных месцах ваяводства. Але я ўвесь час паўтараю, што важнейшай справай, на якой мусім сканцэнтраваць сёння высілкі – гэта сядзіба. Бо калі ёсць сядзіба, то можна збудаваць пэўную інфаструктуру, з’явіцца месца для спатканняў, з’явіцца бібліятэка, чытальная зала, памяшканні, дзе можна праводзіць розныя семінары. Думаю, у гэтым кірунку мы павінны сканцэнтраваць сваю дзейнасць.
Цалкам размова:



Фота аўтара I UWP.






