
У Звярынецкім лесе ў Беластоку прайшло закрыццё сезону майстар-класаў па спалучэнні беларускай міфалогіі і хуткага малявання. Дарослыя і дзеці праверылі свае веды і навыкі малявання ў прыродных умовах.
Кажа вядоўца майстар-класаў, мастачка Таццяна Калач:
– Дзеці, якія прыходзяць да мяне на майстар-клас, вельмі захацелі памаляваць у лесе. Я праводзіла летам пленэрныя замалёўкі, майстар-класы. Яшчэ майстар-класы падобнага характару былі на “Тутацы”, але не ўсе змаглі на іх патрапіць. Дзеці, якія не патрапілі, вельмі хваляваліся, што ім не ўдалося памаляваць нячысцікаў у лесе. Таму мы выбралі менавіта гэты Звярынецкі лес, бо ён недалёка ад цэнтра і цяжка заблукаць. Сёння я буду правадніком у іншы свет.
Па словах мастачкі, майстар-класы па спалучэнні беларускай міфалогіі і хуткага малявання працягнуцца ўвосень. Таксама ў гэты час адбудзецца выстава, на якой будуць прадстаўлены выніковыя працы ўдзельнікаў заняткаў.



























Беларускае Радыё Рацыя






