Беларусы Варшавы адсвяткуюць Купалле 22-га чэрвеня на Вісле. Вялікую імпрэзу рыхтуе тэатральная студыя “Купалінка”. Яе кіраўніца – сённяшняя Госця Рацыі – Наталля Локіць распавяла нашаму радыё пра маштаб падзеі.

– 22-га чэрвеня а 16.00 на пляжы “Праскай” адбудзецца святкаванне Купалля для беларусаў, зробленае беларусамі, і менавіта студыяй “Купалінка”.
РР:: Досыць вялікая праграма ў вас разгарнецца, таму стартуюць ажно ў 16.00 і гэта будзе ладзіцца як мінімум да 22.00, а мо і больш. Што будзе ўключаць у сябе сама праграма?
Наталля Локіць: Сама праграма даволі разнастайная, але яна ў нас такая традыцыйная. Гэта абавязкова пляценне вянкоў, майстар-клас па пляценні вянкоў, гэта абавязковыя беларускія народныя танцы, беларускія народныя гульні, абавязковыя спевы і майстар-клас па спевах, дзе мы развучым купальскія песні, разам заспяваем. Гэта абавязкова нашы беларускія гурты. Гэта нашыя дзеці-купалінкі і дарослыя, і падлеткі, гэта абавязковая і традыцыйная міні-Купалле, там, дзе будуць дзеці, якімі будуць між іншым апекавацца нашыя падлеткі, якія спецыяльна рыхтавалі беларускія гульні. Рыхтавалі, шукалі, адпрацоўвалі іх пад нашым пільным такім кіраўніцтвам.
Абавязкова будзе латарэя, абрады, як пусканне вянкоў, будзем шукаць папараць-кветку, канешне ж.
Я думаю, што інтэрактыву будзе дастаткова шмат. І, канешне ж, з намі будзе наша ладдзя. Кожны год яны прыплываюць да нас, уладар гэтай ладдзі Роберт вельмі добра ставіцца да нас, да беларусаў і заўсёды ён з намі. У гэтым свяце ўдзельнічае.
РР:: Што ўяўляе сабой гэтая ладдзя?
Наталля Локіць: Ладдзя – гэта гістарычнае шкута, рэпліка старадаўняй ладдзі варшаўскай флаціліі “Dar Mazowsza”. Трэці год яна будзе разам з намі, такая дзіўная, прыгожая, драўляная ладдзя, якую, канешне ж, мы аздобім вянкамі, якая абавязкова прыплыве сюды, на наш бераг.
З Наталляй Локіць размаўляла журналістка Марына Савіцкая. Беларускае Радыё Рацыя – інфармацыйны партнёр мерапрыемства.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






