Падрыхтоўка да фестывалю “Тутака” на Падляшшы ідзе надзвычай актыўна. Сам жа фестываль сёлета ўводзіць шэраг прыемных зменаў для сваіх прыхільнікаў, акрамя таго, адзначае і першы юбілей – пяць гадоў існавання. Пра гэта ды іншае з Госцем Радыё Рацыя – старшынём фонду “Тутака” Паўлам Станкевічам – размаўляе Яна Запольская.

РР: Фестываль “Сонцаграй” некалькі гадоў радаваў нас у нашым рэгіёне. Раней вы таксама абяцалі, што ён павінен быць сёлета, але штосьці здарылася, так можна зразумець?
Павел Станкевіч: Не, здарылася тое, што маем крыху недастаткова фінансавання. Але фестываль “Сонцаграй” хутчэй за ўсё адбудзецца. Мы яшчэ не сказалі апошняга слова. Плануем яго ў скарочаным фармаце – толькі два дні, і гэта, хутчэй за ўсё, павінна быць 7-8 чэрвеня, неўзабаве.
На жаль, проста мы не зможам фармаваць так, як гэта рабілі летась і ў мінулыя гады, але, безумоўна, фестываль “Сонцаграй” – гэта такая падзея, якая важная ў фондзе, таму што тут не так важная інфармацыя, якая трапляе агулам да нашых назіральнікаў, нашых гледачоў, а гэта такая падзея, якая паволі пачынае ператварацца ў падзею мясцовую. Проста ў вёску, куды мы заязджаем, з гэтага робіцца івэнт, і тут увогуле нам трэба перааформіць, магчыма, гэтую сувязь з гледачамі, каб больш дабівацца за тых, хто проста жыве ў гэтых вёсках ці маюць свае сувязі з гэтымі вёскамі, і там рабіць інфармацыю.
Фестываль адбудзецца, толькі ў гэтым годзе ў даволі сціплым фармаце. Але гэта не азначае, што ён будзе горшым. Маем ужо дамоўленасць з гуртом “Касары” Сяржука Доўгушава, і таксама прыедуць Вольга і Яўген Барышнікавы са сваёй капэлай “Тройграцкай”, якую мы маглі пазнаць летась на “Сонцаграі”. І таксама ёсць дамоўленасць з “Жэмарвою” Дарафея Фіёніка, прынамсі на адзін дзень.
У гэтым годзе скарочаная праграма, калі казаць пра колькасць дзён і месцаў, якія мы будзем наведваць, але гэта таксама добры момант, каб крыху спыніцца, паглядзець на праект звонку, і думаю, што ў наступным годзе “Сонцаграй” чакаюць якійсці перамены, якія будуць лепшымі.
Мне ўвогуле хочацца “Сонцаграй”, які пачынаўся ад такога фэсту, дзе была сцэна, мікрафоны і такія рэчы паволі ідуць у такую аўтэнтыку, не толькі па рэпертуары, па гэтых спевах і танцах, але таксама ў сваім фармаце. І думаю, што ён увогуле будзе ператварацца ў такія, назавём гэта, пантанцоўкі. Мне ўвогуле хочацца сысці з такіх адкрытых прастораў і ўвайсці проста ў падворкі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






