BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ціск рэжыму на этнацэнтр “Світанак” не спыняе яго дзейнасці

Старонку ў Facebook «Etnacentr Svitanak (Этнацентр Свiтанак)» і ў Threads «etnacentr_svitanak» улады Беларусі прызналі “экстрэмісцкімі”. Раней дзейнасць гэтага цэнтра і іншыя старонкі ў сацыяльных сетках таксама прызнаваліся экстрэмісцкімі, а маёмасць кіраўніцы этнацэнтра Марыны Струнеўскай у жніўні мінулага года была арыштаваная.

Пра тое, ці паўплывалі гэтыя падзеі нейкім чынам на дзейнасць этнацэнтра “Світанак”, распавядае Марына Струнеўская:

– Сапраўды, магчыма гэта перашкаджае, кантэнт у Беларусі будзе забаронены, але людзі падтрымліваюць, людзі глядзяць, але трэба быць асцярожнымі. Я не ведаю, як гэта нават пракаментаваць. Як можа прызнаць экстрэмісцкай арганізацыю, якая займаецца мовай, культурай і традыцыяй?

Этнацэнтр “Світанак” займаецца прасоўваннем беларускага фальклору і традыцый у замежжы і навучае гэтаму беларускіх дзетак. А таксама для іх ладзіць летнікі і зімнікі. Зараз якраз ідзе набор у зімнік на канікулах.

– Па-першае, шмат працуе бацькоў, і канешне дзяцей кудысьці трэба прыстроіць падчас зімовых канікулаў. Мы прапануем 9 гадізн непасрэднага прыбывання дзіцяці ў этнацэнтры «Світанак». За гэтыя 9 гадзін чатыры разы дзеці будуць пакормленыя. Гэта важна для бацькоў. Скіравана гэта на малы школьны ўзрост – 6-12 гадоў.

Зімнік пройдзе з 16 па 20 лютага. У праграме арт-тэрапія, творчыя майстар-класы, гульні, камандныя квэсты і развіваючыя заняткі ў лёгкай, гульнявой форме.

Запісаць дзетак у зімнік можна праз тэлеграм-канал этнацэнтра “Світанак” ці праз асабістыя сацыяльныя сеткі і кантакты Марыны Струнеўскай.

Беларускае Радыё Рацыя