Сёння спаўняецца год з дня смерці паэтэсы Надзеі Артымовіч. Некалькі дзён таму памёр Сяргей Нічыпарук, чалавек, які адыграў вялікую ролю ў захаванні памяці пра падзеі пасляваеннага перыяду ў Залешанах.
Як ушаноўваць памяць тых, хто адышоў у вечнасць і пакінуў значны след у жыцці беларусаў Беласточчыны? Паразмаўлялі са старшынём Фонда “Камунікат.орг” і сябрам Беларускага Гістарычнага Таварыства Яраславам Іванюком:
-Ушанаваць памяць пра асобу Сяргея Нічыпарука абавязкова трэба. У наступным годзе будзе з’езд Беларускага Гістарычнага Таварыства. І я думаю, што гэта будзе вельмі добрая нагода, каб пра гэта паразмаўляць. Бо Сяргей Нічыпарук зрабіў столькі для захавання памяці пра ахвяраў “Бурага”, як не зрабіў ніхто тут, на Падляшшы. І калі б не ягоная дзейнасць, не яго ўзгадванні, што гэта важна, што была такая трагедыя, то магчыма не было б такой акцыі як “Наша памяць”.
РР: І не было б таго, што яны сталі святымі.
Яраслаў Іванюк: Магчыма, так. Не было б гэтага дакументальнага фільму “Сярожа”. Не было б майго рэпартажу і многіх іншых матэрыялаў. Усе гэтыя матэрыялы ішлі ўслед за Сяргеем Нічыпаруком, яны захоўвалі памяць пра тое, што для нас сапраўды вельмі-вельмі важнае. І я перакананы, што гэтыя трагічныя падзеі – гэта падмурак нашай тоеснасці, і дзякуючы Сяргею Нічыпаруку гэтая памяць захавалася. А для нашага гонару можна сказаць, што мы далучыліся да захавання гэтай памяці. І цяпер варта падумаць, як захаваць памяць пра такога чалавека, як Сяргей Нічыпарук.
РР: Сёння спаўняецца год з дня смерці паэтэсы Надзеі Артымовіч – знакавай асобы для нас. Як ушаноўваць такіх важных асобаў у нашым асяродзі?
Яраслаў Іванюк: Надзея – асоба вельмі блізкая для мяне. Гэта сяброўка маёй мамы, таксама ўжо пакойнай. З ёй я пазнаёміўся яшчэ ліцэістам, калі вучыўся ў Бельскім беларускім ліцэі. У наступным годзе на з’ездзе Беларускага Гістарычнага Таварыства будзе нагода, каб паразважаць, якім чынам мы можам ушаноўваць памяць пра такіх людзей. Можна згадаць яшчэ пакойнага айца Рыгора Сасну. У БГТ наспела ідэя, каб ушаноўваць краязнаўцаў, гісторыкаў, якія займаюцца даследаваннем мінулага Падляшша, медалём імя айца Рыгора Сасны. Такая ідэя ёсць.
Нагадаем, што паэтэса Надзея Артымовіч памерла 3 кастрычніка 2023 году на 77 годзе жыцця. Сяргей Нічыпарук памёр 25 верасня гэтага года на 75 годзе жыцця. Вечная ім памяць.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя