BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Як ушанаваны Адам Міцкевіч у свеце

26 лістапада – 170-ыя ўгодкі з дня смерці вялікага паэта. Давайце прыпомнім як ён ушанаваны па ўсім свеце.

Помнікаў, мемарыяльных шыльдаў і розных знакаў у гонар Адама Міцкевіча ў свеце надзвычай шмат. Без перабольшвання можна сказаць, што ён адзін з сама ўшанаваных дзеячаў культуры ўсіх часоў і народаў. Паспрабуем зрабіць аглядную экскурсію па тых гарадах і мясцінах, дзе пакінуў свой след вялікі паэт і дзе пра яго памятаюць.

Пачнем з Беларусі. Асабліва любіў Міцкевіч сваю родную Наваградчыну. На пачатку пра мясціны, дарагія песняру Наваградскай зямлі.

У самым Наваградку шмат памятных знакаў і адзнакаў, звязаных з паэтам.

Перад Домам-музеем паэта, фота Ладзіка Майніча

Пры Наваградскім дамініканскім кляштары і касцёле з канца 18 стагоддзя да 1830-ых гадоў дзеіла дамініканская школа, у якой вучыліся Адам Міцкевіч і яго сябра Ян Чачот (1807-15 гг). У 1993 годзе касцёл быў вернуты хрысціянам. Ён адбудаваны, кляштар таксама аднаўляецца. У касцёле мармуровая шыльда з выявай Адама Міцкевіча, усталяваная на 100-ыя ўгодкі паэта. 8 лютага 2020 г. на фасадзе ўсталяваны знойдзены барэльеф Міцкевіча пачатку 20 стагоддзя.

Дамініканскі кляштар у Наваградку, фота Ладзіка Майніча

Фота выдання “Новае жыццё”

Непадалёк Наваградскага замку помнік Адаму Міцкевічу (скульптар Валер’ян Янушкевіч).

фота Ладзіка Майніча

фота наваградскага помніка на паштоўцы

Возера Літоўка, што паблізу Наваградку, уславіў менавіта Адам Міцкевіч. Гэта ў яго эпічнай паэме “Гражына. Літоўская аповесць” знайшла адлюстраванне легенда пра князя Літавора, які заключыў здрадніцкі хаўрус з крыжакамі, князя Рымвіда і ягоную жонку, адважную літвінку Гражыну. 

фота Ладзіка Майніча

Сюжэты з “Гражыны” адлюстраваны на мясцовым прыпынку ў Літоўцы.

фота Ладзіка Майніча

Свяцязь – гэта возера, славутае ў нашым эпасе сваёй легендай, надзвычай таленавіта ўвасобленай у творчасці найперш Адама Міцкевіча. Нездарма гэтае возера называюць сэрцам Наваградчыны. На Свіцязі кожны шукае і адкрывае для сябе нешта сваё – хто вабныя краявіды, хто сакральнае Месца сілы, хто міфічную свіцязянку. Каб зноў, прыехаўшы сюды дзвесце гадоў пасля вялікага паэта, кожнаму з новага пакалення “між дрэў, бы ў вяночку, адкрылася воку там возера Свіцязь, як дзіва…”.

На беразе Свіцязі камень з радкамі верша Адама Міцкевіча, фота Ладзіка Майніча

Звязана з біяграфіяй Міцкевіча і сядзіба Чамброва, якая была паміж вёскамі Валеўка і Радагошча. У 18 стагоддзі маёнтак належаў сям’і Узлоўскіх, а ў пач. 19 ст. быў набыты наваградскім адвакатам Карповічам. Чамброва было ва ўласнасці роду Карповічаў больш за сто гадоў. Некалі тут пазнаёміліся бацькі Адама Міцкевіча, а гаспадыня сядзібы Анэля Узлоўская стала хроснай маці паэта. Адам Міцкевіч часта тут бываў. Многія лічылі чамброўскі двор адным з прататыпаў міцкевічаўскага Сапліцова. У 1928 г. тут здымалі фільм па паэме Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”.

Чамброва, фота Ладзіка Майніча

Надзвычай прыгожы помнік Міцкевічу ў сталіцы Беларусі. Трохмятровая скульптура класіка літаратуры з’явілася ў скверы ў гістарычным цэнтры Менску ў кастрычніку 2003 года.

Помнік Міцкевічу ў Менску

Помнік-бюст Міцкевічу ў Гародні быў адкрыты 17 верасня 1998 года перад будынкам, які тады належаў Саюзу палякаў у Беларусі, які ініцыяваў яго стварэнне, а таксама знайшоў патрэбныя на яго сродкі. Аўтарам бюста, адлітага з бронзы, стаў скульптар Андрэй Заспіцкі.

Бюст Міцкевіча ў Гародні, фота Яндэкс

Ёсць бюст-помнік Міцкевічу і ў Лідзе.

Помнік Міцкевічу ў Лідзе, фота Валерыя Нікіфарава, fgb.by

У Берасці помнік Адаму Міцкевічу быў усталяваны ў 1965 годзе, падзея прымяркоўвалася да 110-ых угодкаў смерці паэта

Помнік Міцкевічу ў Берасці

А зараз перанясемся ў Вільню, з якой Адам Міцкевіч звязаны ня меншы, чым з Наваградкам.

Помнік Міцкевічу ў Вільні ўсталяваны ў 1984 годзе неападалёк ад званіцы касцёла Святой Ганны і бернардынскага касцёла Святога Францішка. Аўтары помніка – скульптар Гядымінас Ёкубоніс і архітэктар Вітаўтас Чэканаускас.

Помнік Міцкевічу ў Вільні, фота Алеся Аркуша

Помнік – гэта не адзіная адзнака віленскіх шляхоў Міцкевіча. У самым цэнтры горада, непадалёк ратушы ёсць шыльда. У 1824 годзе Міцкевіч быў высланы ў Расею якраз з азначанага дома і пакінуў Вільню назаўжды.

Шыльда ў Вільні, фота Ладзіка Майніча

А ў горадзе Салечнікі (цяперашні Шыльчынінкай) адзін з найбольш арыгінальна трактаваных помнікаў паэту. Помнік адкрылі 23 снежня 1998 года да 200-годдзя нараджэння класіка. Калі Міцкевіч вучыўся ў Вільні, ён неааднаразова праязджаў праз Салечнікі, спыняўся ў іх. Некаторыя даследнікі лічаць, што менавіта тут ён назіраў абрад памінання продкаў, які пазней адлюстраваў у сваёй паэме “Дзяды”.

Помнік Міцкевічу ў Салечніках, фота Ладзіка Майніча

Бадай найбольш помнікаў Адаму Міцкевічу ў Польшчы, і гэта не павінна нікога здзіўляць.

Адзін з сама вядомых і легендарных – гэта ў Кракаве. Ён стаіць у цэнтры гораду на Старым Рынку, на рагу вуліц Сукеніцэ і Сеннай. Першасны помнік па праекце скульптара Тодара Рыгера быў усталяваны ў 1898 годзе з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Міцкевіча. Помнік быў адліты ў Рыме італьянскай фірмай «Nelli». У 1940 годзе помнік быў знішчаны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Пасля вайны ён быў сабраны з абломкаў, знойдзеных на звалцы каля Гамбурга. Адкрыццё адноўленага помніка прайшло 26 лістапада 1955 года на 100-я ўгодкі з дня смерці паэта.

Помнік Міцкевічу ў Кракаве, фота Алеся Аркуша

Помнік Міцкевічу ў Познані знаходзіцца непадалёк чыгуначнага вакзалу. Можна сказаць, што ён сустракае падарожнікаў, якія прыехалі ў сталіцу Велькапольскага ваяводства. Аўтары помніка – скульптар Базылі Вайтовіч і архітэктар Чэслаў Возняк. Усталяваны ў 1960 годзе на аднайменнай плошчы. Трэба дадаць, што ў Познані быў сама першы ў гісторыі Польшчы помнік Міцкевічу, усталяваны яшчэ ў 1859 годзе, але ён быў разбураны і знішчаны ў час Другой сусветнай вайны.

Помнік Міцкевічу ў Познані, фота Ладзіка Майніча

Першы помнік у Жэшуве працы вядомага скульптара Стансілава Левандоўскага быў адкрыты яшчэ ў лістападзе 1892 года. Той помнік быў разбураны немцамі ў 1940 годзе. Разбіты помнік быў кінуты ў мясцовае балота. Захаваўся толькі латунны напіс, які зараз захоўваецца ў жэшуўскім музеі. Ну а цяперашняя статуя была ўсталявана ў 1986 годзе.

Помнік Міцкевічу ў Жэшуве, фота https://erzeszow.pl

Адметны помнік і ў цяперашняй сталіцы – Варшаве. Яго аўтар – скульптар Цыпрыян Гадэбскі. Першае адкрыццё адбылося 24 снежня 1898 года на Кракаўскім прадмесці на 100-ыя ўгодкі з дня нараджэння паэта. Ініцыятарам стварэння помніка быў Генрык Сянкевіч, а расейскія ўлады нават далі дазвол на яго ўсталяванне. Той першасны помнік у 1942 годзе быў дэмантаваны немцамі і вывезены ў Райх. Пасля вайны прадстаўнікі польскай ваеннай місіі адшукалі часткі помніка – галаву і фрагмент торса ў Гамбургу. Копія фігуры была выканана скульптарам Янам Шчапкоўскім, былі адноўлены пастамент і часткова агароджа. Металёвая агароджа была вернута ў Польшчу толькі 1980-ых гадах. Адкрыццё адноўленага варшаўскага помніка прайшло 28 студзеня 1950 года.

Помнік Міцкевічу ў Варшаве, фота з Вікіпедыі

Ёсць некалькі помнікаў Адаму Міцкевічу і ва Украіне.

Найбольш ушанаваны ён у Адэсе. Там ёсць помнік і мемарыяльная дошка на фасадзе былога Рышыльеўскага ліцэя, што на знакамітай Дэрыбасаўскай вуліцы. У Адэсу Міцкевіч трапіў, прыехаўшы з Пецярбургу, дзе працаваў настаўнікам у згаданым ліцэі. Усяго ён пражыў у горадзе дзевяць месяцаў. Аўтары помніка – скульптар Аляксандр Князік і архітэктар Маркоз Мурманаў. Усталявалі помнік 2 жніўня 2004 года.

Помнік Міцкевічу ў Адэсе, фота Юркі Ляшчынскага

Помнік паэту ў Львове бадай сама высокі і вельмі арыгінальны. Вышыня помніка, які стаіць на вуліцы імя Міцкевіча, ажно 21 метр, самой фігуры паэта – 3 метры 30 сантыметраў. Калона выканана з граніту, здабытага ў ваколіцах Мілана. Гэта адзін з сама старых помнікаў паэту. Яго адкрыццё прайшло 30 кастрычніка 1904 года.

Помнік Міцкевічу ў Львове, фота з Вікіпедыі

Ушанаваны Міцкевіч і ў Івана-Франкіўску (да 1939 года горад называўся Станіславаў). Помнік паэту быў першым помнікам у горадзе. Адкрыты яшчэ ў 1898 годзе. Аўтар праекту – Тадэвуш Блатніцкі. Помнік быў пашкоджаны ў Першую сусветную вайну. Пазней помнік перарабілі ў бронзе, перанеслі і паставілі паблізу абласной філармоніі.

Помнік Міцкевічу ў Івана-Франкіўску, фота Вікіпедыя

Помнік-бюст Міцкевічу ў нямецкім Ваймары стаіць на так званай алеі паэтаў у парку Ваймарскага гарадскога палаца. Бронзавы бюст усталяваны ў 1956 годзе. Вядома, што Міцкевіч прыехаў у Ваймар 19 жніўня 1829 года разам з Антонам Адынцом. Ён гасцяваў у Ёгана-Вольфганга Гётэ, быў на святкаванні яго 80-гадовага юбілея. Самому Міцкевічу тады было 30 гадоў.

Ушанаваны Міцкевіч і ў Парыжы. Там усталяваны сапраўдны манумент у яго гонар. Створаны французскім скульптарам Антуанам Бурдэлем. Макет быў створаны яшчэ ў 1909 годзе, але помнік скончаны толькі ў 1928-ым. Адкрыццё было ў 1929 годзе на пляцы Альма. Але пазней помнік перанеслі на Cours Albert-I на ўзбярэжную Сены. Помнік быў падарункам Францыі ад Польшчы.

Помнік Міцкевічу ў Парыжы, фота з Вікіпедыі

Ёсць у сталіцы Францыі і шыльда ў гонар паэта. Яна на доме, дзе жыў паэт.

Шыльда ў Парыжы, фота з архіву Ладзіка Майніча

І гэта нават не ўвесь пералік як і дзе ў свеце ўшанаваны Адам Міцкевіч.

Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя