
У Варшаве ладзіцца выстава Антона Радзівонава “Доўгае падарожжа”, прысвечаная эміграцыі. Але як насамрэч сябе адчуваюць творцы? Пра гэта і не толькі “Госць Рацыі” – мастак Антон Радзівонаў –– распавёў нашаму радыё.
РР: Ты адзін з самых гучных беларускіх мастакоў, якія сябе праявілі ў эміграцыі. Скажы калі ласка, наколькі ўпэўнена ты сябе зараз адчуваеш тут у Варшаве?
– Гледзячы як, у чым. Я не думаю, што са мной можа штосьці адбыцца, калі я выкладу працу на палітычную тэматыку, што за мной заўтра прыйдуць ці мяне выклікаюць на размову ў Камітэт Дзяржаўнай бяспекі. Але ёсць іншае. Напрыклад, я працую ў кватэры, дзе жыву з сям’ёй. Як вядома, кошты ў Варшаве высокія, трэба плаціць падаткі, трэба плаціць ZUS.
На майстэрню грошай не вельмі хапае, бывае з зайздрасцю гляджу на мастакоў, якія засталіся, у якіх ёсць майстэрні, якія не выказваліся, працавалі над сваімі карцінамі, нікуды не выходзілі. Але з другога боку адчуваецца, што хтосьці з іх хоча выказвацца, але баяцца. Я ўспрымаю сітуацыю, што я не магу разгарнуцца паўнавартасна, як мастак.
Мне падабаецца пісаць творы вялікага памеру, але зараз гэта максімальна цяжка. Зараз я знаходжуся ў пошуках майстэрні. Падымаў я пытанне на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай, абранай прэзідэнткай абранай у 2020 годзе. Коўшык Аліна, Латушка. Я падымаў пытанне, што мастакам няма дзе працаваць, большасці каго я ведаю.
Мне казалі: “Ствары фундацыю”. Але каб стварыць фундацыю таксама патрэбныя грошы, мінімум 1000 злотых, каб правесці праз суд. Там шмат працэдур. Трэба плаціць таму ж бухгалтару. Прабачце, ты тут выграбаеш, каб жытло здымаць, сям’ю карміць, апранаць. Ты ахвяруеш магчымасцямі ў творчасці.
Калі б хтосьці мог дапамагчы, вось гэтую агульную сітуацыю вырашыць, хаця б з памяшканнем. Было б вельмі добра. Ёсць яшчэ праблема, што калі я ў Беларусі жыў, напэўна гэта ва ўсіх грамадствах так было, у такой “бурбалцы”. Мастацкі свет, інтэлігенцыя, у некаторых момантах са спартоўцамі перасякаўся. Я бачыў там падзел, там ён гэтых мастакоў прасоўвае, другі трэціх мастакоў прасоўвае.
На жаль няма яднання, не было ніводнай выставы, каб была паказана большасць прафесійных мастакоў. Ёсць нейкі падзел. Нейкі музейны куратар выстаўляе тых, хто яму падабаецца. То бок не працуе гэтая салідарнасць нейкая і ў гэтым праблема. Я скажу так, мне напрыклад вельмі не падабаецца, гэта маё асабістае меркаванне, але заўважаў шмат такіх сітуацый.
Напрыклад, выстаўляюцца ўцекачы ўкраінскія, беларускія, але праца вісіць чалавека, які зараз можа прыехаць у Менск, вярнуцца, у яго там майстэрня. Гэта гульня не па правілах мякка кажучы. Гэта напэўна мае нейкія мары, якія не здзейсняцца, у кожнага будуць свае інтарэсы, але зараз павінна быць нейкая салідарнасць і ўзаемадапамога.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя






