BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Якія велікодныя традыцыі былі ў нашых продкаў?

У нядзелю хрысціяне будуць адзначаць найвялікшае свята – Вялікдзень. Якія вялікодныя традыцыі былі ў нашых продкаў? Як рыхтаваліся да свята? Што гатавалі? Што такое Сула і хто такія каменныя дзевачкі?  На гэтыя і іншыя пытанні адказвае фалькларыстка Алена Ляшкевіч у гутарцы з Юліяй Сівец.

Фота з адкрытых крыніц

РР: Ці былі нейкія адметнасці святкавання Вялікадня? Пачнем з тыдня перад Вялікаднем. Што нашыя продкі рабілі ў гэты тыдзень?

Алена Ляшкевіч: Уласна, гэта апошні тыдзень Вялікага посту, самы строгі пост. У некаторыя з дзён гэтага тыдня ўжо праводзіліся пэўныя дзеянні падрыхтоўчыя. І ў розных лакальных традыцыях яны маглі быць прымацаваныя да розных дзён тыдня. Самае знакамітае – гэта Чысты чацвер. Вядомы і ў сучаснай культуры гарадской і сельскай. Трэба памыць увесь свой дом, хату, кватэру. Былі таксама павер’і, што трэба самім памыцца ў гэты дзень, то бок усёй сям’і. Пачынаецца прыгатаванне святочнай ежы, зноў жа булкі пякуцца, пачынаючы з пятніцы звычайна. У суботу перад Вялікаднем гэта змена тэкстылю звычайна і ў хаце, і на прыдарожных крыжах. То бок, ручнічкі павязаныя. Таксама тэкстылю на могілках. Да Вялікадня ўсё павінна быць прыбрана.

РР: Ці бялілі хату перад Вялікаднем? Ці мылі, напрыклад, дзежку?

Алена Ляшкевіч: Так, перад Вялікаднем фактычна па сучасных мерках у сельскай хаце рабіўся амаль што генеральны рамонт. Пабелка сцен. Беляць печку, адскобліваюць падлогу, якую маглі цягам года не асабліва то і мыць. Бо ўсё ж такі іншыя ўмовы жыцця, падлога глінабітная, без дошак. І зусім па-іншаму хаты выглядалі, чым сёння мы можам пабачыць у сельскай мясовасці. Вымыванне дзяжы хлебнай. Цягам года цеста захоўвалася ў дзяжы, каб забяспечыць рост наступнай партыі хлеба. То раз на год дзяжу вымывалі, казалі, што “дзяжа гавее” ці “дзяжа посціць”. А гэтую закваску асобна адкладалі, потым вярталі ці нават разводзілі новую.

РР: Якія былі абрадавыя стравы? Што мусіла быць абавязкова на стале на Вялікдзень?

Алена Ляшкевіч: Усё, чым багатая гэтая гаспадарка. Але сапраўды рытуальную ролю, безумоўна, мелі фарбаваныя яйкі, у першую чаргу, фарбаваныя ў чырвоны колер, напрыклад, шалупіннем цыбулі. Альбо нефарбаваныя яйкі, калі напрацягу году ў сям’і нехта памёр. Тады сям’я не фарбавала яйкі. Выпяканне булак, то бок, выпечка з белай пшанічнай мукі. І таксама нешта мясное, таму што трэба разгавецца пасля Вялікага посту.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя