BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Яна вяртала спадчыну беларускіх пісьменнікаў

1 сакавіка спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння беларускай пісьменніцы, літаратуразнаўцу, крытыку, культуролагу, даследчыцы праблем развіцця беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, сучаснага літаратурнага працэсу, спадчыны рэпрэсіраваных беларускіх пісьменнікаў, творчасці пісьменнікаў беларускага замежжа Лідзіі Савік (1936-2024).

Лідзія Савік
Лідзія Савік

Лідзія Савік была родам з Любанскага раёна. Скончыла Белдзяржуніверсітэт і аспірантуру. У 1977 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю па праблемах сучаснай беларускай літаратуры. 3 1978 года працавала ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы вядучым навуковым супрацоўнікам, адначасова з 1982 года – у Беларускім універсітэце культуры. Выкладала ў ВНУ беларускую літаратуру, чытала спецыяльныя курсы пра творчасць рэпрэсіраваных і эмігранцкіх пісьменнікаў.

Лідзія Савік была адна з арганізатараў і сакратаром Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, старшынёй камісіі па вяртанні спадчыны беларускіх пісьменнікаў. Даследчыца напісала манаграфіі «Адчуванне часу», «Пад мірным небам Бацькаўшчыны», «Каб не астыла цяпло зямлі», суаўтар кніг «Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20-30-х гадоў» (1985), «Сыны і пасынкі Беларусі» (1996), «Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы» (2001), «Культура беларускага замежжа» і іншыя.

Кніга пра Барыса Кіта.
Кніга пра Барыса Кіта.

Лідзія Савік выдала кнігу «Космас беларуса: жыццяпіс Барыса Кіта, асветніка, вучонага, патрыёта» пра Барыса Кіта — акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Яна таксама з’яўляецца аўтарам шэрагу даследаванняў пра творчасць беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў, напрыклад «Пакліканыя: літаратура беларускага замежжа» (2001) і іншых.

Лідзія Савік напісала звыш 100 артыкулаў і рэцэнзій, 230 энцыклапедычных артыкулаў, пастаянна друкавалася на старонках беларускіх выданняў.

Выданне пра пісьменнікаў беларускага замежжа.
Выданне пра пісьменнікаў беларускага замежжа.

Беларускае Радыё Рацыя