BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Яўген Вапа: 2026-ы – будзе годам «Нівы»

Літаратурны семінар «Бязмежжа» вярyўся ў свой ранейшы фармат. Пасля некалькіх гадоў перапынку ён зноў адбыўся ў аграсядзібе «Бора-Здруй» у Нараўчанскай гміне на Беласточчыне. Семінар арганізаваны Праграмнай радай тыднёвіка „Ніва” і Беларускім саюзам у Польшчы пры фінансавай падтрымцы Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства і Войта Нараўчанскай гміны.

Сённяшні Госць Рацыі – галоўны арганізатар семінару, кіраўнік Беларускага Радыё Рацыя і рэдактар тыднёвіка «Ніва» Яўген Вапа, з якім паразмаўляў Васіль Кроква.

РР: Завяршыўся літаратурны семінар «Бязмежжа – 2025». Ці ўсё, што было запланавана, удалося здзейсніць?

Яўген Вапа: Мне здаецца, гэтая ацэнка павінна быць у кожнага, хто быў. Для мяне, з арганізацыйнага пункту гледжання, – гэта 99 працэнтаў. Таму што сярод удзельнікаў «Бязмежжа» павінен быў быць Сяргей Дубавец. Але з прычыны ад нас і ад яго незалежнай, бо ён пражыве ў Літве і не мае актуальнай даведкі на жыхарства, не мог перасекчы дзяржаўнай мяжы. Так што, была б поўная праграма, калі б Сяргей Дубавец таксама паўдзельнічаў у «Бязмежжы». Ён быў запрошаны яшчэ вясной, калі толькі з’явілася ягоная кніжка «Занзібар», якая потым атрымала прэмію Гедройця. Так што тут была б поўная, задуманая мной, гармонія, калі б яшчэ быў Сяргей Дубавец.

Але з таго, што мне бачылася, па тым, што ішло творчае абмеркаванне, творчыя выступы, па тым, што людзі не збягалі, значыць, ім таксама было цікава. Так што я цешуся, бо сапраўды ўдалося тое, што было задумана, каб Беларускае Бязмежжа, падляшска-беларускае, яно трывала і навязвала кантакты, каб было што паказаць. Ну і сапраўды, патэнцыял Беласточчыны мы паказалі. На жаль, тыя нашыя сябры, якія маглі б прыехаць з Беларусі, не мелі магчымасці гэта зрабіць з аб’ектыўных прычын. Тыя аўтары з Беларусі, якія знаходзяцца ў Польшчы, прыехалі.

Мне таксама важна, каб паказваць тое, што дзеецца ў іншых гарадах і асяродках Польшчы. І таму з’явіўся Сяргей Кавалёў з Любліна, каб расказаць, чым ён займаецца, бо ўніверсітэт у Любліне вядомы сваёй беларусістыкай. У наступным годзе пэўна запросім кагосьці з беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, каб пачуць пра іх творчыя поспехі на ніве літаратуразнаўства.

Ну і мы пачулі пра нашых творцаў. Прафесар Галіна Тварановіч расказала пра пасмяротную кнігу Яна Чыквіна «Бачыць свет», якую яна выдала. Для мяне яшчэ важным было, каб людзі пачулі раскрытую на сваё асабістае жыццё Ганну Кандрацюк з нагоды яе юбілею. Раней усё гаварылася пра кніжку, кніжку можна прачытаць, а даведацца пра справы, звязаныя з яе светаглядам, з яе сямейным домам, з яе ўяўленнем пра прыроду. Ведаючы яе, з яе цяжка такія рэчы выцягнуць. Але яна вельмі моцна раскрылася ў час «Бязмежжа», распавяла пра сваю маладосць, пра свой светагляд.

Дарэчы кожнае выступленне было вельмі важным. Адбылася прэзентацыя юбілейнага «Камунікату». Алесь Аркуш прадставіў паэтычную кніжную серыю «Брукаванка», якую ён заснаваў. У творчым плане было ўсё паспяхова. Зусім іншае, калі мы гаворым пра агульнапалітычны кантэкст. Але ў літаратурным плане было паспяхова. Напрыклад, чытанні Уладзіміра Някляева. Ён таксама многа гаварыў на семінары, таксама больш расказваў, чым чытаў вершы. Або расповед Уладзіміра Арлова пра новую кнігу «Імёны Свабоды», над якой ён зараз працуе. Або Валянціна Аксак са сваёй адметнай паэзіяй. Для мяне ўсё было цікавым. Два дні я слухаў кожнага з вялікім зацікаўленнем.

РР: У мяне склалася такое ўражанне, што адбыўся адмысловы справаздачны семінар, усё асноўнае, што адбылося на Беласточчыне, падзеі, з’явы, кнігі, практычна ўсё было тут адлюстравана. І мы пачулі пра тое, што маем на сённяшні дзень, які маем патэнцыял, якія маем кнігі. І ад гэтага ўжо можна адштурхнуцца і ісці ў наступны год.

Яўген Вапа: Калі я складаў праграму, то для мяне было важным, каб сапраўды адбылося такое падсумаванне. І яшчэ варта адзначыць, што ў Беластоку з’явілая такая ўстанова, як Цэнтр беларускай культуры. І прысутная на семінары Ілона Карпюк з гэтага цэнтра прадставіла мінімальную частку таго, што дзеецца ў плане літаратурна-культурным. Не было справаздачы з іх штодзённай дзейнасці. А яна на працягу года аграмадная.

Праз усе мінулыя гады падляшская літаратурная творчасць бралася менавіта з публікацый у «Ніве». А тыднёвік «Ніва» праз год будзе адзначаць сваё 70-годдзе. Першы нумар выйшаў 4 сакавіка 1956 года. Так што 2026 год – гэта год «Нівы». На яе старонка таксама шмат друкавалася твораў пісьменнікаў з Беларусі. «Ніва» з першых нумароў была адкрытая, каб паказваць, што дзеецца ў беларускай літаратуры. І распачнем мы гэты год 30 студзеня, калі ў акруговым музеі ў Беластоку адбудзецца фотавыстава з фотаздымкаў «Нівы», якую апрацоўвае і рыхтуе Павел Грэсь.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя