24 снежня спаўняецца 225 гадоў з дня нараджэння беларускага і польскага паэта, публіцыста і грамадскага дзеяча Адама Міцкевіча (1798-1855).
Вядомы ва ўсім свеце паэт Адам Міцкевіч нарадзіўся на Наваградчыне. Бацька Адама Мікалай Міцкевіч быў адвакатам у Наваградку. Тут Адам скончыў павятовую дамініканскую школу і ў 1815 годзе паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Спачатку вывучаў фізіку і матэматыку, а затым перавёўся на гісторыка-філалагічны факультэт. З 1817 года разам з сябрамі-аднадумцамі Тамашом Занам, Янам Чачотам і іншымі ён прымаў актыўны ўдзел у стварэнні і дзейнасці патрыятычных філаматаў (прыхільнікаў навук) і філарэтаў (прыхільнікаў дабрадзейнасці). Пасля заканчэння ўніверсітэта Адам Міцкевіч быў накіраваны ў Коўна ў якасці настаўніка лацінскай мовы. У гэты час ім былі напісаны “Песня Адама”, “Песня філарэтаў”, “Ода да маладосці”, якія сталі выдатнымі ўзорамі рэвалюцыйнай рамантычнай паэзіі.
Першы паэтычны твор Адама Міцкевіча “Гарадская зіма” быў надрукаваны ў “Віленскім штотыднёвіку” ў 1818 годзе. У сваіх ранніх творах паэт прытрымліваўся канонаў класіцызму, але пад уплывам Яна Чачота стварыў першыя рамантычныя балады “Свіцязь”, “Свіцязянка”, “Рыбка”, “Тры Будрысы” і іншыя. Немалаважную ролю ў пераходзе да рамантызму адыграла каханне маладога паэта да Марылі Верашчакі.
У 1822–1823 гадах былі надрукаваны два тамы паэтычных твораў Адама Міцкевіча, куды ўвайшлі яго першыя балады і рамансы, а таксама паэмы “Гражына”, “Дзяды”. У 1823 годзе царскія ўлады натрапілі на след філаматаў і філарэтаў, паэт і яго сябры былі арыштаваны. У 1824 годзе найбольш актыўныя сябры тайных таварыстваў былі прыгавораны да высылкі ў глыбіню Расеі. Быў сярод іх і Адам Міцкевіч. Так паэт апынуўся ў Адэсе. Праз некаторы час ён атрымаў пасаду ў канцылярыі маскоўскага генерал-губернатара Галіцына і пераехаў у Маскву. Амаль пяць гадоў пражыў паэт у Маскве і Пецярбургу, займаўся творчасцю, пасябраваў з рускімі літаратарамі і дзекабрыстамі. У гэты час паэт выдаў сваю трэцюю кнігу “Санеты” і завяршыў паэму “ Конрад Валенрод”.
Вясной 1829 года Адам Міцкевіч выехаў за межы Расейскай імперыі, наведаў Германію, Швейцарыю, Італію. З 1831 годзе ён жыў у сталіцы Францыі, пісаў вершы, з’яўляўся прафесарам лацінскай літаратуры Лазанскага ўніверсітэта ў Швейцарыі, чытаў курс лекцый у Калеж дэ Франс у Парыжы. У 1834 годзе Адам Міцкевіч апублікаваў свой самы вядомы твор – паэму “Пан Тадэвуш, альбо Апошні наезд у Літве”. У тым жа годзе паэт ажаніўся з дачкой вядомай піяністкі Марыі Шыманоўскай Цэлінай.
Пасля 1834 года займаўся публіцыстычнай дзейнасцю, працаваў у газеце “Польскі пілігрым”, некаторы час уваходзіў у гурток “Кола”, які аб’ядноўваў людзей рэлігійна-містычных настрояў. У канцы 1840-х гадоў ствараў польскія легіёны для падтрымкі руху карбанарыяў, заснаваў інтэрнацыянальную газету “Трыбуна народаў”, у якой друкаваў матэрыялы ў абарону прыгнечаных народаў.
У 1855 годзе Адам Міцкевіч накіраваўся ў Стамбул, дзе заўчасна памёр. Спачатку цела паэта знаходзілася ў Парыжы, а ў 1890 годзе было перавезена ў Кракаў.
Творы Адама Міцкевіча перакладзены на 20 моў свету. На беларускую мову іх перакладалі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Арцём Вярыга-Дарэўскі, Якуб Колас, Янка Купала, Кандрат Крапіва, Пімен Панчанка, Пятро Бітэль, Язэп Семяжон і іншыя. Вывучэннем жыцця і творчасці выбітнага паэта займаюцца беларускія, польскія, літоўскія, расейскія і ўкраінскія даследчыкі.
Беларускае Радыё Рацыя