BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Юбілей аднаго з заснавальнікаў беларускага прафесійнага тэатра

28 кастрычніка спаўняеццца 140 гадоў з дня нараджэння аднаго з заснавальнікаў беларускага прафесійнага тэатра, рэжысёра, акцёра Фларыяна Ждановіча (1884-1937).

Фларыян Ждановіч нарадзіўся ў Менску ў той самы год, калі на плошчы Высокага Рынку (цяпер – плошча Свабоды) згарэў Менскі гарадскі тэатр. Гэта здарылася ў 1884 годзе. Такі, нібы выпадковы збег акалічнасцяў паўплываў на тое, што імя Фларыяна Ждановіча сталася шчыльна знітаваным з гісторыяй беларускага нацыянальнага тэатра.

Выданне пра Фларыяна Ждановіча

Фларыян Ждановіч – тэатральны рэжысёр, адзін з першых беларускіх акцёраў, які меў прафесійную адукацыю. Скончыў ён тэатральную школу ў Варшаве. Любоў да тэатра захапіла яго праз спектаклі ўкраінскіх вандроўных труп, якія часта гастралявалі ў Менску. Фларыян натхняўся трупай Ігната Буйніцкага і сам марыў стварыць сталы беларускі тэатр. І ў яго гэта атрымалася!

Прэзідыум Мастацкай секцыі Інбелкульта. 1926 г. Стаць крайні справа Фларыян Ждановіч.

Менавіта Фларыян Ждановіч стварыў трупу і стаў кіраўніком «Першага таварыства беларускай драмы і камедыі», з якой пачалася гісторыя Беларускага акадэмічнага дзяржаўнага тэатра (цяперашняга Купалаўскага).

У 1902 годзе Фларыян Ждановіч скончыў Варшаўскую драматычную школу, пасля чаго стаў працаваць акторам у польскіх тэатрах Беларусі. У 1907 годзе рэжысёр вярнуўся ў Менск, дзе выступаў у тэатральнай трупе пры польскім спартовым таварыстве «Сокал» з вершамі Янкі Купалы і Якуба Коласа. У гэты ж час далучыўся да беларускага культурніцкага руху. 15 жніўня 1913 года ў Радашкавічах адбылася прэм’ера знакамітай п’есы «Паўлінка» пад кіраўніцтвам Ждановіча. Сярод гледачоў быў і сам аўтар — Янка Купала, які потым вельмі дзякаваў за пастаноўку і прарочыў добрую будучыню Менскаму беларускаму тэатру. У складаных умовах нямецкай і польскай акупацыі ствараў беларускі нацыянальны тэатр, у якім стаў першым мастацкім кіраўніком.

Фларыян Ждановіч з артысткай

У дзень адкрыцця БДТ 14 верасня 1920 года Фларыян сыграў ролю Падарожнага-Рыся ў спектаклі «Рысь» Элізы Ажэшка (паводле ўласнай інсцэніроўкі і рэжысуры). У 1922 годзе ён саступіў месца мастацкага кіраўніка Еўсцігнею Міровічу і пачаў працаваць артыстам БДТ. Удзельнічаў амаль ва ўсіх спектаклях свайго тэатра. Асабліва ў спектаклях Міровіча. Адна з роляў была роль Зыгмунда Серакоўскага ў спектаклі «Кастусь Каліноўскі».

У тэатры Ждановіч адначасова быў рэжысёрам, акцёрам, грымёрам, касцюмерам і суфлёрам, і нават перакладчыкам. Асноўныя яго пераклады былі на беларускую мову, з іх – працы Кальдэрона, частку лібрэта «Русалкі» (першай нацыянальнай оперы на беларускай мове), Фрэдру, Мальера, Горкага ды іншых. Меў псеўданімы “Іван Карась”, “Алесь Крэсік”. І гэта не ўсе пералікі яго здольнасцяў. На працягу жыцця цікавіўся беларускім фальклорам і глыбока вывучаў гэтую тэму.

На юбілейным вечары з нагоды 25-годдзя сцэнічнай дзейнасці ў 1926 г. – калегі з БДТ-2 (цяперашні Коласаўскі тэатр, Віцебск) назвалі яго – “першым юбілярам беларускага тэатра”. Але ў тым жа 1926 годзе Ждановіч быў адхілены ад працы.

У 1930 годзе ён быў арыштаваны па справе Саюза Вызвалення Беларусі, за што атрымаў 5 гадоў лагероў. У 1937 годзе беларускага рэжысёра арыштавалі паўторна, як польскага шпіёна з 1919 года і расстралялі. Рэабілітаваны Фларыян Ждановіч быў у 1956 годзе. Дакладная дата смерці і месца пахавання беларуса невядомыя.

Беларускае Радыё Рацыя