
15 траўня спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння беларускага гісторыка, выдаўца і грамадска-культурнага дзеяча Язэпа Найдзюка (1909-1984).
Язэп Найдзюк нарадзіўся ў вёсцы Бойдаты, што ў Ваўкавыскім раёне. Вучыўся ў сярэдняй школе ў Бойдатах і Вярэйках на Ваўкавышчыне. Па сканчэнні школы ў 1923 годзе паступіў у Ваўкавыскую настаўніцкую семінарыю, аднак з-за нястачы сродкаў быў змушаны спыніць вучобу. Ён едзе ў Вільню, дзе ягоны дзядзька Фабіян Ярэміч знаёміць юнака з лідарам Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Адамам Станкевічам. З гэтага знаёмства і пачынаецца шлях Язэпа Найдзюка як свядомага беларуса, патрыёта і грамадзяніна. Найдзюк пачынае спяваць у царкоўным хоры пры касцёле св. Мікалая ў Вільні і вучыцца на матуральных курсах.

Язэп Найдзюк, Уладзіслаў Тарасевіч, Марыян Пецюкевіч, Ян Пазьняк
У тыя ж часы віленскія беларускія дзеячы Адам Станкевіч, Фабіян Ярэміч, кс. Вінцук Гадлеўскі і кс. Андрэй Цікота вырашаюць стварыць у Вільні сваю беларускую друкарню і надаць ёй імя Францыска Скарыны. Было арэндавана памяшканне на Людвісарскай, 1 і закуплены друкарскі станок. У траўні 1926 года друкарня пачала дзеіць. Спачатку Язэп Найдзюк працуе памочнікам кіраўніка друкарні, а з чэрвеня 1927 года – кіраўніком. У друкарні выдаваліся газеты “Беларуская крыніца”, “Сялянская ніва”, выданні для Беларускай сялянска-работніцкай грамады, часопіс “Хрысціянская Думка” і іншая прадукцыя.

Язэп Найдзюк і Уладзіслаў Тарасевіч, 1930-ыя гады
У Вільні Язэп Найдзюк апекаваўся кнігарняй “Пагоня”, пэўны час рэдагаваў часопіс “Шлях моладзі”, які выдаваўся ў 1929-1939 гадах, ладзіў культурныя і рэлігійныя імпрэзы.
З пачаткам Другой сусветнай вайны Язэп Найдзюк быў арыштаваны польскімі ўладамі ў верасні 1939 года і зняволены ў лагеры Картуз-Бяроза. Вызвалены толькі пасля падыходу савецкіх войск. Выйшаўшы на волю, ён вярнуўся ў Вільню, дзе працягваў працу ў беларускіх арганізацыях пасля перадачы Вільні Летуве.

Янка Шутовіч, Міхась Машара, Пётра Сергіевіч, Язэп Найдзюк, 1930-ыя гады
Пасля нападу фашысцкай Германіі на СССР, увосень 1941 года Язэп Найдзюк пераехаў у Менск. Працаваў у “Выдавецтве падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Менску” школьным інспектарам, быў сябрам Цэнтральнай рады Беларускай народнай самапомачы, выдаваў часопіс “Беларуская школа”.
Шырокаму колу Язэп Найдзюк ведамы найперш па папулярным нарысе гісторыі Беларусі “Беларусь учора і сяньня” (кніжка была выдадзена ў 1940 годзе лацінкай).

У 1943 у Менску падручнік па гісторыі “Беларусь учора і сяньня” быў выдадзены кірыліцай. Выданне кнігі выйшла пад рэдакцыяй Сівіцы, польскага немца, працаўніка аддзела культуры і палітыкі генеральнага камісара Беларусі. Сівіца паправіў тэкст падручніка ў накірунку, які адпавядаў нямецкай палітыцы ў Генеральнай акрузе Беларусь. Да гэтага часткі кнігі друкаваліся ў газеце “Голас вёскі”.
Летам 1944 года Найдзюк выехаў у Нямеччыну, пакінуўшы жонку і дзяцей у Беларусі. Пасля вайны таемна пераехаў у Польшчу, жыў пад прозвішчам Юзэф Александровіч. Спыніўся ў горадзе Інаўроцлаў, дзе працаваў дырэктарам Куяўскай друкарні, якую пабудаваў у пачатку 1970-х гадоў, быў вядомым у горадзе адмыслоўцам-паліграфістам. Займаўся мясцовым краязнаўствам. Пакінуў дзённік і рукапіс “Paznavajma historyju biełaruskaha narodu” па гісторыі Беларусі, напісаную ў 1960-х гадах і выдадзеную ў 2010 годзе ў Беластоку. Сувязь з беларускім рухам падтрымліваў праз свайго брата Чэслава Найдзюка, які жыў у ЗША. Вёў ліставанне з Ларысай Геніюш, Юры Туронкам, Казімірам Грынкевічам і іншымі. Пра тое, хто ён на самой справе, польская служба бяспекі выявіла толькі ў 1963 годзе, але на той час ужо не чапала.

На 20-я ўгодкі смерці Язэпа Найдзюка – 14 лютага 2004 года грамадскасць Інаўроцлава ўшанавала яго памяць адкрыццём памятнай шыльды на друкарні, імшой у касцёле Святога Юзафа, навукова-папулярнай канферэнцыяй. А ў 2006 годзе на доме, дзе жыў гісторык і выдавец, была ўсталявана памятная шыльда.
Беларуская Радыё Рацыя