BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Юбілей Ядвігі Паплаўскай

1 траўня вядомая беларуская спявачка, кампазітар, народная артыстка Беларусі Ядвіга Паплаўская адзначае свой юбілей.

Ядвіга Паплаўская

Нарадзілася спявачка ў 1949 годзе ў Валожынскім раёне. Яна скончыла Беларускую музычную кансерваторыю двойчы: у 1972 годзе – па класу фартэпіяна, а ў 1988 – аддзяленне кампазіцыі. Яшчэ падчас вучобы разам з сяброўкамі-студэнткамі выступіла заснавальніцай вакальна-інструментальнага ансамбля «Верасы», дзе не толькі выконвала вакальныя партыі, але і займалася аранжыроўкай, іграла на клавішных. Спачатку ансамбль быў выключна жаночым, але пазней у ім з’явіліся і хлопцы, у тым ліку будучы муж Ядвігі Паплаўскай Аляксандр Ціхановіч. У складзе «Верасоў» Ядвіга Паплаўская стала пераможцай Беларускага конкурсу артыстаў эстрады з беларускамоўнай песняй «Завіруха», а ў 1974 годзе – лаўрэаткай 3-й прэміі Ўсесаюзнага конкурсу. У 1977 годзе «Верасы» сталі лаўрэатамі тэлевізійнага конкурсу «З песняй па жыцці». У 1990-я гады на словы Генадзя Бураўкіна і музыку Васіля Раінчыка запісала песню «Доўгі дзень» для тэлеперадачы «Калыханка». Якая папулярная і сёння.

Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская

У 1986 годзе Ціхановіч і Паплаўская вымушаныя былі пакінуць калектыў, працавалі ў Дзяржаўным канцэртным аркестры Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга У 1988 годзе яны перамаглі на конкурсе «Песня года» ужо як самастойны дуэт «Шчаслівы выпадак», пазней арганізавалі Тэатр песні і студыю пры ім, якая выпусціла мноства вядомых беларускіх выканаўцаў, а з цягам часу трансфармавалася ў прадзюсарскі цэнтр «Профіартвідэон.

У студзені 2017 года пасля цяжкай хваробы Аляксандра Ціхановіча не стала. Але дуэт Ціхановіч – Паплаўская не знік, сёння народная артыстка выступае ў многіх канцэртных праграмах разам з дачкой, а таксама сольна, выконваючы як любімыя публікай хіты мінулых гадоў, так і новыя песні. Акрамя таго, Ядвіга Паплаўская – рэдактар і аўтар фартэпіяннага перакладу песень для нотнага альбому «Уладзімір Мулявін. Беларусь – я песня», таксама яна аўтар кантаты «Сын зямлі», сімфанічнай паэмы, дзіцячых п’ес для фартэпіяна, рамансаў, эстрадных песень, аранжыровак беларускага спеўнага фальклору. Яна з поспехам гастралюе па Беларусі і за межамі краіны, а таксама робіць аранжыроўкі песень, піша музыку для тэатра і кіно.

Беларускае Радыё Рацыя