BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Юбілей Яна Пятроўскага

7 студзеня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння беларускага празаіка, перакладчыка, мемуарыста, рэлігійнага дзеяча і выдаўца Яна Пятроўскага (1905-2001).

Родам Ян Пятроўскі быў са Слуцка. Вучобу пачаў у хатняй настаўніцы. Пасля вучыўся ў школе Свята-Троіцкага манастыра, а потым — у прыходскай школе. У 1919 годзе сям’я Пятроўскіх пераехала ў Вільню. Там Ян закончыў гімназію і адбыў службу ў польскай арміі. Атрымліваў веды ён яшчэ на адукацыйных падрыхтоўчых курсах, пасля ў школе падхарунжых. Была ў яго яшчэ адна найважнейшая школа — гэта школа роднай мовы.

У 1931годзе Ян Пятроўскі пераехаў з Вільні ў Варшаву і паступіў вучыцца ў пратэстанцкую Біблейскую школу ў Клярысаве. Пасля яе заканчэння працаваў год у Варшаве, а пасля пераехаў у Дзярэчын на Зэльвеншчыну.

Цікавыя ўспаміны пакінуў Ян Пятроўскі ў першым томе сваіх трохтомных “Мэмуараў” (Гэйнсвіл, ЗША, 1988-1996 г.г.). Яны ахопліваюць усё ХХ стагоддзе, дзе аўтар апісвае і ўспамінае даваенныя Слуцк, Вільню, Варшаву, распавядае пра Антона Луцкевіча, пра беларускае жыццё на эміграцыі, пра гісторыю касцёла метадыстаў, а таксама пра Беларускі Харытатыўна-адукацыйны фонд, які стварылі Ян і Аліцыя Пятроўскія. Гэты фонд шмат зрабіў для развіцця беларускай культуры ў свеце.

Да пачатку Другой сусветнай вайны Ян Пятроўскі быў абраны сакратаром Гадавой канферэнцыі на XVI Місійнай канферэнцыі Паўднёвай епіскапальнай метадыстычнай царквы ў Польшчы. А ў 1939 годзе ў Капенгагене ён прымаў удзел у пасяджэнні з нагоды аб’яднання метадысцкай царквы…

У 1953 годзе Пятроўскія эмігрыруюць у ЗША, дзе і пачынаецца іх шырокая, плённая творчая і выдавецкая справа. Ян Пятроўскі ўпершыню ў сусветнай беларустыцы перакладае і выдае на беларускай мове дыялогі грэчаскага філосафа Платона. У шасці асобных кнігах выйшлі з друку дыялогі “Абарона Сакратаса”, “Крытон”, “Файтон”, “Сімпазіён”, “Іён”, “Горгіяс”, “Протагорас”, “Гіппіяс вялікшы”, “Парменідас” і “Політэя”.  Па-беларуску выходзяць і філасофскія роздумы рымскага імператара Марка Аўрэліюса.

У 1987 годзе асобным выданнем выйшла з друку даследчая праца Яна Пятроўскага “Старажытная грэцкая клясыка”. А праз два гады праца нямецкага філосафа Карла Вільгельма фон Гумбольдта “Унутраная форма мовы”, якую пераклаў на беларускую мову Ян Пятроўскі.

Не кожная дзяржава можа пахваліцца выданнем, якое маюць сёння беларусы — двухтомны “Грэцка-беларускі слоўнік” Яна Пятроўскага.

Сабраў наш суайчыннік і выдаў у ЗША трохтомнік “Лепшых думак чалавека”, а таксама іншыя літаратурна-перакладчыцкія працы.

А яшчэ Ян Пятроўскі з 1962 да 1966 года выдаваў рэлігійна-метадыстычны часопіс “Сьветач Хрыстовае навукі”, выйшла ўсяго 24 нумары. А яго Харытатыўна-адукацыйны фонд меў яшчэ свой бюлетэнь “Анаграмы”, дзе інфармавалася пра дзейнасць і сутнасць фонду, пра яго мэты, задачы і пра тое, што рабілася супрацоўнікамі фонду.

Беларускае Радыё Рацыя