BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Юбілей легендарнага артыста-купалаўца

11 траўня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Глеба Глебава (1899-1967)

Ён нарадзіўся ва Украіне ў творчай сям’і. Ягоны бацька Павел Сарокін быў адным з лепшых артыстаў славутай украінскай трупы Марка Крапіўніцкага. Любоўю да тэатра натхніўся і сын-гімназіст Глеб, які ўжо з 1921 года пачаў выступаць у вандроўных трупах ва Украіне. Працаваў у тэатрах Адэсы, Нікалаева, Вазнясенска. У памяць аб працы Глебава ў Адэскім акадэмічным тэатры на вуліцы Грэчаскай у тэатральным холе дасюль вісіць ягонае фота.

Глеб Глебаў у фільме „Усходні калідор“

Выява Глеба Глебава знаходзіцца і ў партрэтнай галерэі знакамітых артыстаў і заснавальнікаў у закуліснай частцы Купалаўскага тэатра, дзе артыст праслужыў больш за 40 гадоў.

Па-сапраўднаму шчаслівымі былі тыя гледачы, якім давялося пабачыць Глебава на сцэне! Ад яго сыходзілі незвычайная дабрыня, прыроднае абаянне – усё тое, што было ўласціва старой тэатральнай школе. Пластычны і арганічны артыст з выдатным камедыйным дарам, цудоўны імправізатар Глеб Глебаў сыграў у тэатры больш за 150 роляў. З адной толькі «Паўлінкай» выходзіў на сцэну Купалаўскага тэатра больш за 600 раз! Калі ягоны Пустарэвіч шпурляў за спіну сваю шапку, яна раз за разам дакладна патрапляла ззаду на цвік. Зал выбухаў смехам і апладысментамі! А ягоны славуты «палёт лыжак» у той жа «Паўлінцы»!

Глеб Глебаў у ролі Пустарэвіча ў купалаўскай Паўлінцы

А яшчэ былі зорныя ролі Кроплі ў «Канстанціне Заслонаве» Аркадзя Маўзона, Тулягі ў спектаклі «Хто смяецца апошнім» Кандрата Крапівы, Няміры ў «Бацькаўшчыне» Кузьмы Чорнага, Мендозы ў спектаклі «Дзень цудоўных падманаў» Рычарда Шэрыдана, Гарпагона ў «Скупым» Жана Мальера, Гарошкі ў «Выбачайце, калі ласка» Андрэя Макаёнка ды многіх іншых.

Аўтарытэт Глебава быў велізарным. У гады вайны, менавіта, ён узначаліў трупу тэатра – з 1941 па 1947 год. Гэты цяжкі час прынёс невымоўнае гора і ў сям’ю Глеба Глебава і яго жонкі Надзеі. Падчас вяртання з Томска ў крушэнні цягніка загінула 8-гадовая дачка Глена, імя якой складалася з імёнаў яе любячых бацькоў…

Глеб Глебаў у кінафільме „Канстанцін Заслонаў“

Пра павагу да Глеба Глебава ў артыстаў тагачаснага маладзейшага пакалення любіць прыгадваць былы галоўны мастак тэатра Барыс Герлаван: «Куды б не заходзіў Глебаў – нават у нашу славутую акцёрскую «брахалаўку»(арт-фае), артысты не проста віталіся з мэтрам словам ды кіўком галавы, яны заўсёды ўздымаліся з крэслаў і віталі артыста стоячы».

Манета ў гонар Глебава

Глеб Глебаў і сёння прысутны ў Менску: ва ўдзячнай памяці тэатралаў, у таленавітай творчай сям’і сваіх нашчадкаў, на памятнай шыльдзе на доме, дзе колісь жыў, і на юбілейных манетах у гонар Артыста, у кветках каля помніка на Усходніх могілках.

Беларускае Радыё Рацыя