BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Юбілей ваеннага і дзяржаўнага дзеяча ВКЛ

17 верасня спаўняецца 250 гадоў з дня нарадэння Тадэвуша Тышкевіча (1774-1852) – дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага.

Тадэвуш Тышкевіч быў з роду Тышкевічаў. Скончыў Віленскую школу-пансіён, вучыўся ў Варшаўскім піярскім калегіуме. 3 1790 года знаходзіўся ў конным гвардзейскім Мірскім палку, а з 1792 года – харунжы Пінскай пяцігорскай (легкаконнай) брыгады войска Вялікага Княства Літоўскага. Тадэвуш Тышкевіч прымаў удзел у вайне Расеі з Рэччу Паспалітай у 1792 годзе. Падчас паўстання 1794 года ад’ютант Якуб Ясінскага даручыў яму ўзначаліць адзін з паўстанцкіх атрадаў у Вільні.

Пасля паўстання Тадэвуш Тышкевіч эмігрыраваў у Галіцыю. 3 1801 года жыў у Парыжы, дзе скончыў ваенную школу інжынераў і артылерыстаў. У 1805 годзе пераехаў у Варшаву, там сфарміраваў конны атрад. Удзельнік аўстра-французскай вайны 1809 года, быў узнагароджаны ордэнам «Віртуці Мілітары».

У вайну 1812 года ваяваў на баку французаў, генерал кавалерыйскай брыгады 5-га корпуса Юзафа Панятоўскага, удзельнічаў у баях пад Мірам, Смаленскам, у Барадзінскай бітве. Быў паранены, а пад Мядынню ўзяты ў палон і вывезены ў Астрахань. У 1814 годзе генерал вярнуўся ў Варшаву. У снежні 1813 года Тадэвуш Тышкевіч атрымаў у спадчыну Свіслацкае графства ў Ваўкавыскім павеце. Жыў у Свіслачы, быў ініцыятарам будаўніцтва Свіслацкай гімназіі, з’яўляўся сенатарам Каралеўства Польскага, увайшоў у склад сеймавага суда, які ў 1828 годзе вёў следства над членамі Патрыятычнага таварыства.

Падчас паўстання 1830-1831 гадоў, калі апошняе разгарнулася і ў літоўска-беларускіх губернях, графу Тадэвушу Тышкевічу было прапанавана ўзначаліць там паўстанне. Тышкевіч згадзіўся ўзначаліць Часовы паўстанцкі ўрад Літвы, створаны пры штабе паўстання ў Варшаве. У чэрвені 1831 года на чале паўстанцкіх войск Тадэвуш Тышкевіч штурмаваў Вільню, але беспаспяхова. Пасля паразы паўстання генерал выехаў у Прусію, адтуль — у Дрэздэн, а ў пачатку 1832 года — у Парыж, дзе стала пачаў жыць і памёр.

На фота: Надмагілле Тадэвуша Тышкевіча ў Парыжы

У адпаведнасці з тэстаментам, складзеным у 1847 годзе, Тышкевіч выказаў пажаданне, пасля атрымання Польшчай незалежнасці, быць перазахаваным на радзіме. Нашчадкі генерала распачалі спробы выканання яго тэстамента толькі ў 1936 годзе. На просьбу аб мажлівасці перавоза цела Тадэвуша Тышкевіча з Парыжа ў Польшчу 21 студзеня 1936 года імі быў атрыманы станоўчы адказ ад загадчыка ваенна-гістарычнага аддзела генеральнага інспектарыята Узброеных сіл Польшчы Отана Лясковіча.

Беларускае Радыё Рацыя