Таленавітай беларускай пісьменніцы Вользе Іпатавай, якая сёння жыве ў Канадзе, 1 студзеня споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзілася будучая пісьменніца ў г. п. Мір Гарадзенскай вобласці ў сям’і служачых. З ранняга дзяцінства давялося ёй спазнаць асабістую трагедыю – у чатырохгадовым узросце яна страціла маці. Дзяўчынка, якая засталася без матчынай ласкі, зведала холад і абыякавасць мачыхі і няўвагу бацькі, якому, пэўна, не ставала часу, каб абараніць дачку. Адтаяла душой яна толькі ў бабулі, якая прытуліла яе на некаторы час у сваёй хаце і здолела далучыць унучку да сялянскага жыцця і народных беларускіх звычаяў.

Сілу і хараство беларускай зямлі Вольга Іпатава спазнавала не толькі дома і ў бабулінай вёсцы, але і ў іншых гістарычных мясцінах Беларусі – Наваградку, куды сям’я пераехала пасля вайны, і ў Гародні, дзе дзяўчынка была ўладкавана ў дзіцячы дом.
Вольга Іпатава вучылася на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1975–1978 гадах займалася ў аспірантуры. Працоўны шлях пісьменніцы вельмі насычаны і багаты: яна працавала таваразнаўцам у Віцебскім абласным кнігагандлі, рэдактарам абласной студыі тэлебачання (1968–1970), пасля пераезду ў Менск – літаратурным супрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» (1970–1973), затым літкансультантам газеты «Чырвоная змена». Акрамя таго, былі пасады галоўнага рэдактара літаратурна-драматычных перадач Беларускага тэлебачання, намесніка галоўнага рэдактара часопіса «Спадчына», рэдактара газеты «Культура».

Нягледзячы на тое, што Васіль Быкаў назваў Вольгу Іпатаву прыроджаным празаікам, пачынала яна не з прозы, а з вершаў, якія пісала яшчэ ў школьныя гады. Маладая паэтка друкавалася ў беларускіх газетах і часопісах. Яна выдала зборнікі паэзіі «Раніца» (1969), «Ліпеньскія навальніцы» (1973), «Снягурка» (вершы для дзяцей, 1974), «Парасткі» (1976) і іншыя.
Драматычныя абставіны жыццёвага лёсу не маглі не адбіцца на творчасці пісьменніцы: шмат вершаў прысвяціла паэтка свайму пазбаўленаму мацярынскай цеплыні дзяцінству, дзетдомаўскім сябрам («Слова пра маці», «Бацька», «Мачыха», «Маім аднагодкам»). Вольга Іпатава ў сваіх вершах звярталася да гісторыі Бацькаўшчыны, лёсаў знакамітых беларускіх паэтаў («Магіла Багдановіча», «Адам Міцкевіч у Туганавічах»), постацей беларускай мінуўшчыны («Рагнеда», «Усяслаў»).

З 1970-х гадах, калі пісьменніцкаму таленту ўжо не хапала вершаваных радкоў для ўвасаблення падзей далёкай і блізкай гісторыі, Вольга Іпатава ўсё часцей стала спрабаваць свае сілы ў празаічных жанрах. Акрамя публіцыстычных артыкулаў, дарожных нататкаў і інтэрв’ю ў друку з’явіліся кароткія апавяданні, а пазней выйшлі празаічныя зборнікі «Вецер над стромай» (1977), «Дваццаць хвілін з Немезідай» (1981), «Перакат» (1984), «Агонь у жылах крэменю» (1989), «За морам Хвалынскім» (1989), трылогія «Альгердава дзіда» (2002). Творы пісьменніцы вызначаюцца ўвагай да маральна-этычных праблем, уменнем ствараць змястоўныя, псіхалагічна насычаныя чалавечыя характары, драматычныя моманты, напружаныя сюжэтныя лініі.



Працягвала пісьменніца распрацоўваць і гістарычную тэматыку: звярталася ў сваіх апавяданнях і аповесцях да помнікаў старажытнай архітэктуры, якія з’яўляюцца носьбітамі гістарычнай памяці, уключала ў творы старажытныя легенды і паданні, насычала іх шматлікімі падрабязнасцямі побыту, пейзажу, адзення герояў (апавяданні «Расанка», «Святаслава», аповесці «Прадыслава», «Залатая жрыца Ашвінаў», «Вяшчун Гедзіміна» і інш.). Гісторыя Беларусі знайшла адлюстраванне і ў спектаклі “Давыд Гарадзенскі”, пастаўленым на тэлебачанні паводле сцэнарыя В. Іпатавай, і ў оперы Бандарэнкі «Князь Наваградскі», лібрэта да якой напісала пісьменніца.
Увага Вольгі Іпатавай да дэталі, гістарычнай рэаліі як у вершах, так і ў прозе тлумачыцца думкай пісьменніцы аб тым, што смела глядзець у будучыню, адчуваць сябе незалежным і моцным можа толькі той, хто добра ведае гісторыю сваёй Радзімы, бо менавіта старажытныя традыцыі і народная памяць з’яўляюцца падмуркам, на якім грунтуецца сучаснасць і ствараецца будучыня.
У 1995 годзе Вольга Іпатава была абрана Ганаровым акадэмікам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, якая аб’ядноўвае вучоных i грамадскіх дзеячаў больш чым з 30 краін свету. Яе імя было ўключана ў IX выданне даведніка «Хто ёсць хто сярод прафесіяналаў i дзелавых жанчын y свеце». У 1998 годзе пісьменніца была абрана намеснікам, а пазней старшынёй Саюза беларускіх пісьменнікаў. Яна сустракалася з чытачамі, вандравала па розных краінах свету, выступала на шматлікіх міжнародных навуковых канферэнцыях, чытала лекцыі па беларускай міфалогіі ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце i Беларускім універсітэце культуры. Творы пісьменніцы перакладзены на многія мовы свету.
Шчыра віншуем спадарыню Вольгу з юбілеем. Жадаем ёй здароўя, дабра і сямейнага дабрабыту.
Беларускае Радыё Рацыя






