Заснавальнікам мемуарнага жанру ў беларускай літаратуры лічыцца Фёдар Еўлашоўскі (1546-1616), якому 7 лютага спаўняецца 480 гадоў з дня нараджэння. Успаміны, напісаныя ім – найкаштоўнейшы помнік нацыянальнай пісьмовай культуры і выдатная гістарычная крыніца.

Нарадзіўся Фёдар Еўлашоўскі ў сям’і дробнапамеснага праваслаўнага шляхціца ў мястэчку Ляхавічы Наваградскага ваяводства. З пяці гадоў пачаў вучобу, засвоіў беларускую і польскую мовы, а затым ідыш. У час Лівонскай вайны 1558–1583 гг. удзельнічаў у бітве на рацэ Ула (1564), пасля якой пакінуў ваенную службу. Самастойна набыўшы веды па матэматыцы, справаводстве і юрыспрудэнцыі, Фёдар Еўлашоўскі зарэкамендаваў сябе старанным і здольным службоўцам і карыстаўся вялікай павагай у сучаснікаў. Яго запрашалі для выканання розных даручэнняў не толькі мясцовая шляхта, але і Жыгімонт ІІ Аўгуст, Стэфан Баторый, Жыгімонт ІІІ Ваза, М.К. Радзівіл-Сіротка, Ян Хадкевіч і іншыя асобы. Ён выступаў у ролі адваката ў судах і даверанай асобы ў розных інстанцыях, выбіраўся паслом ад Наваградскага павета на сеймы ў Любліне (1569) і Варшаве (1579), удзельнічаў у працы камісіі па выпрацоўцы тэксту «Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага», займаў пасаду пінскага і сервецкага мастаўнічага (з 1577 г.), служыў падсудкам у Наваградскім земскім судзе (1592–1613).
Аднак вядомасць Фёдару Еўлашоўскаму прынеслі не яго службовыя абавязкі, а літаратурная творчасць. У 1603 годзе ён пачаў пісаць успаміны, апошні запіс у якіх датуецца 1604 годам. Да нашага часу гэтыя запісы дайшлі не ў поўным аб’ёме – усяго 55 старонак кірылічнага тэксту з падзеямі за перыяд з 1566 па студзень 1604 год без загалоўка і пачатковых старонак. Мемуары носяць пераважна аўтабіяграфічны характар, факты ў іх прыведзены ў строга храналагічнай паслядоўнасці, што паслужыла падставай называць іх дзённікам. Акрамя звестак пра асабістае жыццё там утрымліваецца шмат інфармацыі аб мясцовых падзеях, змешчаны ўражанні аб розных грамадска-палітычных з’явах у краіне, пераказаны гісторыі, што давялося пачуць і іншыя. Каштоўнасць мемуарам надаюць не толькі занатаваныя факты і дакладна апісаныя падзеі, а і суб’ектыўнае ўспрыманне і тлумачэнні іх аўтарам. Усё гэта робіць запісы Фёдара Еўлашоўскага выдатнай крыніцай для вывучэння тагачаснага палітычнага і культурнага жыцця ВКЛ, побыту і светапогляду розных слаёў грамадства.

Упершыню мемуары Фёдара Еўлашоўскага былі апублікаваны ў 1860 годзе Францішкам Любамірскім у перакладзе на польскую мову ў Варшаве. У 1886 і 1896 гадах надрукаваны (са значнымі папраўкамі) украінскім гісторыкам Уладзімірам Антановічам. Рукапіс успамінаў захоўваецца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве, фотакопія – у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Менску.
Беларускае Радыё Рацыя






