BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Юбілейная выстава ў Оперы і Філармоніі Падляшша: асаблівая ўвага — Ежы Максімюку

У будынку Оперы і Філармоніі Падляшша, што па вуліцы Адэскай у Беластоку, адкрылася юбілейная выстава, прысвечаная 70-годдзю першага канцэрта Беластоцкага сімфанічнага аркестра.

Экспазіцыя будзе дзейнічаць да 31 жніўня 2025 года і ўжо прыцягвае ўвагу шматлікіх аматараў музыкі і гісторыі.

Выстава — гэта вандроўка праз сем дзесяцігоддзяў мастацкай дзейнасці, расказаная праз архіўныя дакументы, фотаздымкі, аўдыё- і відэаматэрыялы. Тут прадстаўлены партрэты кіраўніцтва, музыкаў, хору, балета, тэхнічных і адміністрацыйных супрацоўнікаў — сапраўдны паклон усім, хто ствараў і стварае гісторыю гэтага калектыву.

Сярод экспанатаў — унікальныя артэфакты, у тым ліку фотаздымкі музыкаў пад расцяжкай «Няхай жыве…». Маецца і аўтограф на расейскай мове знакамітай піяністкі Бэлы Давідовіч, якая пісала: «Я дорожу всем тем, что связано с Шопеном». Сваю першую публічную імпрэзу — Канцэрт Бетховена для фартэпіяна з аркестрам — Давідовіч сыграла яшчэ ў 1937 годзе, у 9-гадовым узросце. Праз некалькі гадоў, у 1949-м, яна трыумфальна перамагла на IV Міжнародным конкурсе імя Шапэна ў Варшаве.

Асобны раздзел выставы прысвечаны Ежы Максімюку — дырыжору, кампазітару і піяністу, нараджэнцу Гародні, які з’яўляецца вучнем Яна Тарасевіча — аднаго з найбольш вядомых беларускіх кампазітараў, нараджэнца Саколкі (1893 г.). Тарасевіч унёс важкі ўнёсак у развіццё беларускай і польскай музычнай культуры.

Ежы Максімюк — ганаровы мастацкі дырэктар Оперы і Філармоніі Падляшша, узнагароджаны ордэнам Белага Арлазалатым Крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы і медалём Gloria Artis. На выставе прадстаўлены рэдкія кадры, што асвятляюць яго бліскучую кар’еру.

А ўжо ў пятніцу 11 красавіка а 19:00 на Вялікай сцэне Оперы і Філармоніі Падляшша адбудзецца святочны канцэрт “Vivat Maestro!”. Маэстра Максімюк асабіста выканае фартэпіянную партыю ў сваёй кампазіцыі “Liście gdzieniegdzie spadające”. У праграме таксама — творы Франсіса Пуленка і Людвіга ван Бетховена. У канцэрце прымуць удзел Катажына Макал-Жмуда і Роберт Марат.

Беларускае Радыё Рацыя