У Варшаве пачала працу “OpTeamist Vocal Studio”. Заняткі ў ёй вядзе спявачка, экс-палітзняволеная Юлія Юніцкая. Сённяшняя Госця Рацыі распавяла нашай карэспандэнтцы Марыне Савіцкай пра ўрокі, у тым ліку і дабрачынныя.
РР: Вы запускаеце вакальныя заняткі ў Варшаве, прычым там можна будзе займацца яшчэ і дзецям палітвязняў. Чаму для вас гэта важна?
Юлія Юніцкая: Таму што я таксама была палітычная зняволеная, я адседзела паўтары гады па вядомай справе музыкаў IRDORATH. Я прайшла Акрэсціна, Валадарку, Гомельскае СІЗА і калонію. Там я сустракала шмат жанчын, якія маюць дзяцей. І для іх гэта такі моцны боль, калі яны не могуць быць побач са сваімі дзецьмі. Я магу сабе ўявіць, як цяжка для дзяцей таксама не бачыцца са сваімі бацькамі. І паколькі я не магу вызваліць гэтых людзей, я магу зрабіць хаця б штосьці для іх, і ў мяне ёсць навык выкладання вакалу, выкладання харавых спеваў, і я магу прапанаваць вось такі вакальны гурток для дзетак палітзняволеных, каб яны ведалі, што яны не самотныя, што іх бацькоў чакаюць, што мы ўсе разам.
РР: Што наогул з медыцынскага, псіхалагічнага пункту гледжання адбываецца з дзецьмі падчас спеваў? Як гэта на іх уплывае?
Юлія Юніцкая: Па-першае, калі ты спяваеш, ты канцэнтруешся на чымсьці асабістым, на гуку, ты думаеш, як гэта табе праспяваць, як яно прагучыць, што гэта зробіць, то бок фокус змяшчаецца на штосьці іншае. Можна адразу казаць – з негатыву на пазітыў. І калі ты сканцэнтраваны на чымсьці іншым, ужо лягчэй. І па-другое, я ведаю, што музычныя гукі – гэта вібрацыі, якія ў мозгу выпрацоўваюць нейкія пэўныя гармоны, якія ўздымаюць настрой. Плюс гэта яшчэ і дыханне, гэта кантраляванае дыханне, якое таксама вельмі моцна дапамагае ў розных стрэсавых сітуацыях таксама пражыць свае пачуцці, эмоцыі.
РР: Наколькі часта ты сама звяртаешся не толькі як выкладчыца, але яшчэ як і чалавек, якому таксама патрабуецца пэўная псіхалагічная разгрузка, да такога накірунку як спевы?
Юлія Юніцкая: Я магу сказаць пра дыханне, што як нешта ў мяне здараецца, я адразу дыхаю, я адразу канцэнтруюся на дыханні, і фокус змяшчаецца на маё дыханне. Я магу згадаць свой стан, калі я была ў зняволенні. Напрыклад, у СІЗА ў мяне быццам зачыніўся рот, я не магла спяваць, але ж калі я трапіла ў калонію, там ужо было больш людзей у параўнанні, камера – гэта там ад 6 да 12 чалавек, і вы замкнёныя. І калонія – гэта атрад, дзе можна размаўляць з рознымі людзьмі, і там мы ўжо, можна сказаць, ратавалі адзін аднаго спевамі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Вакальная студыя з’явілася на базе OpTeamist Guitar Studio Паўла Трыпуця. Першыя заняткі па спевах ужо адбыліся.
Беларускае Радыё Рацыя