У Беластоку ў межах Дзён сучаснага мастацтва адбыўся ўнікальны музычна-паэтычны канцэрт «Pan Les», прысвечаны памяці і творчасці выбітнага беларускага паэта Анатоля Сыса. Аўтар і адзін з ініцыятараў праекта — беларускі музыка з Падляшша Юрка Асеннік. Сёння ён Госць Рацыі. З ім паразмаўляў Васіль Кроква.

РР: Адкуль паўстала любоў да творчасці Анатоля Сыса?
Юрка Асеннік: У 1991 годзе Кася Камоцкая падарыла томік вершаў “Пан Лес” Анатоля. Я лічу Анатоля самым вялікім беларускім паэтам, не толькі свайго пакалення. Гэта жывіца, гэта карані, гэта сумленне народу. Я знайшоў там усё. Там усё сказана і прадказана шмат чаго. І мне падаецца, што зараз усе гэтыя тэксты больш актуальныя, чым тады, калі Анатоль іх пісаў. Мы ведаем, што навокал адбываецца, а там крыніцы, там сэнс, там духоўнасць і асэнсаванне.
РР: Як нараджалася гэтая музыка? Гэта была імправізацыя?
Юрка Асеннік: Гэта быў нейкі цуд. Мы паехалі на маю Бацькаўшчыну, у хату майго бацькі. Сядзелі там некалькі дзён. Выбіралі тэксты, сядзелі, чыталі іх, каб стварыць цэласны матэрыял, што нам трэба. Яцьвягі патрэбны, пра Радзіму, жанчына, прырода, але і паганства. Было вельмі цяжка выбраць. Мы рабілі доўгі адбор і ў выніку адабралі 15 тэкстаў. І мы за пяць дзён усё запісалі. Мы бралі тэкст і песні самыя пісаліся. Альбом пісаўся сам.
Прэм’ера праекта адбылася на пляцоўцы Kino Forum у Беластоку. Разам з Юркам Асеннікам аўтарамі гэтай музычна-паэтычнай праграмы з’яўляюцца музыкі Марэк Атвіноўскі і Сяргей Краўчанка.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






