Новы дакументальны фільм «Наша Памяць», пра драматычныя падзеі на Падляшшы пасля Другой святовай вайны, ужо ў вольным праглядзе для публікі. Гэтай тэме Юры Каліна, рэжысёр кінадакументаліст, прысвяціў багата гадоў працы.

Гутарыць з ім Юрка Ляшчынскі:
РР: Ужо адбылося больш дзесяці дэманстрацый фільма ў мясцовасцях Беласточчыны. Яшчэ наперадзе столькі ж. Стужка нядаўна была паказана на тэлеканале «Белсат». Фільм «Наша Памяць» датычыць падзеяў, звязаных з рэйдамі аддзела «Бурага», і з яго ахвярамі – праваслаўнымі беларусамі Падляшша. Гэта не першы твой дакументальны фільм пра тыя трагічныя падзеі.
Юры Каліна: Так, хаця можа такі сур’ёзны дакументальны фільм пра гэтыя падзеі гэта першы. Але з гэтай тэмай, з гэтым крывавым рэйдам «Бурага» ў 1946 годзе, займаюся ў тэлебачанні напэўна ўжо 30 гадоў. Раней, калі працаваў у штомесячніку Czasopis, там таксама пісаў тэксты, гэта было ў другой палове 90-х, калі сем’і загінуўшых вазакоў і іншых загінуўшых у час гэтага рэйду пачалі шукаць праўды пра сваіх суродзічаў. Асабліва сем’і вазакоў, якія 45 гадоў не ведалі, дзе іх родныя пахаваныя. Тады мы ездзілі на адмысловыя паломніцтвы ў Старыя Пухалы з бацюшкам Раманюком.
Такім чынам гэтай справай для тэлебачання займаюся 30 гадоў, бо варта сказаць, што найстарэйшыя здымкі, якія я выкарыстаў у фільме «Наша Памяць» з 1995 года. Раней, калі я працаваў у беластоцкім аддзеле польскага тэлебачання, і там рабіў перадачу «Беларускі тыдзень», то рабіў там невялікія сюжэты пра тыя падзеі. Зрабіў таксама адзін, ці два невялікія рэпартажы для польскага тэлебачання, дарэчы для першага канала польскага тэлебачання. Затым, напэўна 8 гадоў таму, я зрабіў дакументальны поўнаметражны фільм (52 мін) пра пакойнага ўжо Сяргея Нічыпарука. Ён сам з Заляшаны. І тады таксама нельга было абмінуць справу спалення вёскі Заляшаны 29 студзеня 1946 году, паколькі многа людзей з сям’і Сяргея загінула ў гэты жудасны час. Таму фільм «Наша Памяць» – гэта падвядзенне, думаю, і завяршэнне маёй працы з гэтай тэмай.
Паказы дакументальнага фільма “Наша памяць”:
4 красавіка, пятніца, Градскі цэнтр культуры ў Гарадку, 17.00.
5 красавіка, субота, Дом культуры ў Збучы, гміна Чыжэ, 16.00.
7 красавіка, панядзелак, кінатэатр Бельск Падляскі, 18.00.
Падчас паказаў вы зможаце фінансава падтрымаць завяршэнне будаўніцтва помніка святой Марыі Петрчук на праваслаўных могілках у Малешы. Марыя была забітая атрадам Бурага-Райса падчас пацыфікацыі вёскі Шпакі ў лютым 1946 года.
«Наша памяць», дакументальны фільм , рэжысёр Юры Каліна, час. 50’45”, ТБ «Белсат»/Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку 2024.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






