“Госць Рацыі” — падляшскі паэт і ўдзельнік літаратурнага аб’яднання “Белавежа” Юрый Баена.
Творца распавёў, як жыве аб’яднанне зараз і ў якіх накірунках развіваецца літаратура Падляшша. Ці могуць беларусы, якія прыехалі сюды не так даўно, узбагаціць літаратуру Падляшша і калі пісаць лепш за ўсё.
РР: Як вы лічыце, у якіх накірунках зараз развіваецца літаратура Падляшша?
– Які народ, такая і літаратура. Мы, як беларуская меншасць, па-мойму захоўваем тое, што цэннае ў нас. Імкнёмся, каб узровень нашай творчасці, быў магчыма самы высокі. На гэту тэму дзейнічаем у “Белавежы”, у беларускім літаратурным аб’яднанні. Памёр наш шматгадовы старшыня Ян Чыквін. Вельмі шкадуем, што так здарылася. Але мы творым.
Праблема таксама ў нас такая, што прыбывае мала маладых. Але “Ніва”, а таксама іншы наш друк, ладзяць конкурсы, у якіх паказваюцца маладыя людзі з новымі тэкстамі. Мы ўсе жывём, мы прысутныя ў гэтай прасторы ўсходняй Беласточчыны. Неяк развіваем свае магчымасці, пашыраем свой кругагляд, каб ствараць цэннае, што застанецца назаўсёды.
РР: Мабыць беларусы, якія прыехалі, выказваюць нейкую зацікаўленасць?
– Тыя, што прыехалі да нас на Беласточчыну, сярод іх ёсць людзі з вялікімі ведамі ў галіне беларускай мовы. Яны прэзентуюць высокі ўзровень. Яны таксама ўзмацняюць нас тут на Беласточчыне, ствараюць новы імпульс.
Дзякуючы гэтаму мы адраджаемся, яны падмацоўваюць і падтрымліваюць нас. Гэта адбываецца ў другім напрамку. Таму кантакт патрэбны і ён павінен быць яшчэ шырэйшы. Трэба шукаць новыя магчымасці, ладзіць прэзентацыі нашай творчасці, асабліва выдавецкай.
РР: То бок ці можам мы сцвярджаць, што зараз нараджаецца пэўны сінтэз?
– Мы дасканала разумеем усё, хаця можа ў крыху іншых умовах мы тут вырасталі. Але маем нейкі патэнцыял, які накіроўваем на ўласную культуру. Па-мойму, тыя творцы, з аднаго боку мяжы і з другога, маюць як бы адзін напрамак, адзін накірунак. Дзякуючы гэтаму можам ствараць новыя якасці, будаваць нешта цэннае, што не прамінае і ўплывае на наш тутэйшы быт.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: lozbjn.edu.pl