BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Кацярына Манкевіч: Да нас прыходзяць арганізатары польскіх фестываляў

Беларускі метал-гурт Dymna Lotva, які цяпер прапісаўся ў Варшаве, працягвае актыўна выступаць на еўрапейскіх фестывалях. Як у калектыва атрымалася стаць такім запатрабаным, а таксама наколькі музыкі цяпер адчуваюць Польшчу сваёй краінай, Госця Рацыі – вакалістка бэнду Кацярына Манкевіч (Нокт) – распавяла нашай журналістцы Марыне Савіцкай.

Фота: з архіву Кацярыны Манкевіч.

РР: Наколькі табе цяпер стала камфортна ў эміграцыі? Колькі ты ўжо сябе тут адчуваеш быццам бы дома?

Кацярына Манкевіч: Калі шчыра, я магу сказаць, што напэўна з гэтага году я сябе адчуваю сапраўды добра. Як раз на днях думала пра гэта. Што змянілася? І зразумела, што змянілася атачэнне і з’явіліся польскія сябры. І гэта не проста калегі, у мяне сапраўды завяліся людзі, з якімі мы можам проста паразмаўляць, кудысьці схадзіць. Гэтае атачэнне стала больш падобнае на тое, што было дома. Калі я дома прыходзіла на канцэрт у клуб, то амаль з усімі віталася, то зараз стала штосьці падобнае ў Польшчы. І гэта набліжае адчуванне дома. Моцна набліжае.

РР: Мне падаецца, што ў вас у эміграцыі стала больш канцэртаў.

Кацярына Манкевіч: Табе не падаецца. І гэта тычыцца не толькі таго, што мы зараз можам ездзіць па розных краінах Еўразвязу. Але і ў Польшчы ў нас сапраўды статыстычна больш канцэртаў і фестываляў, чым было ў Беларусі. Гэта звязана не толькі з тым, што Польшча большая краіна, але і з тым, што канцэрты адбываюцца не толькі ў сталіцы. Нават больш канцэртаў і фестываляў адбываецца на поўдні краіны, гэта, канешне, вельмі радуе. Мы пайгралі ўжо амаль ва ўсіх буйных гарадах Польшчы, акрамя Гданьску, Познані і Любліна.

РР: У сэнсе, з сольнымі канцэртамі?

Кацярына Манкевіч: Я прапаную не ўжываць такое слова, як «сольнік». Бо метал-гурты не граюць сольныя канцэрты. Пачнем з таго, што гэта проста не прынята, звычайна нават не два гурты выступаюць, а тры ці больш. Тры гурты – гэта фармат для будняў. А на выходныя лепш больш. Людзі прыходзяць на метал-канцэрты каб не толькі паслухаць музыку, але яшчэ адпачыць, каб паразмаўляць з сябрамі, каб выпіць піва. І на гэта патрэбна больш часу. Я сама вельмі-вельмі рэдка прыходжу на нейкі адзін гурт. Гэта такі выпадак, калі мне вельмі патрэбна трапіць на гэты гурт. Гэта нармальна, каб канцэрт доўжыўся чатыры гадзіны, нават пяць гадзін. Ніхто не будзе граць канцэрт такой даўжыні. І ў цяжкай музыцы так не граюць.

РР: Але, мне здаецца, што быў у вас сольны акустычны канцэрт у «Beer Station».

Кацярына Манкевіч: Так. Я зусім пра яго забыла. Калі шчыра, я яго і не ўлічваю за канцэрт, бо ўсё ж такі гэта акустыка, гэта без нашага поўнага складу, без барабанаў. Я б сказала, што гэта быў не тое каб канцэрт, але такі сабантуйчык. І трэба было з чагосьці распачаць. Гэта стала ўжо традыцыяй, што ўсе беларускія музыкі, якія эмігруюць у Польшчу, усе адразу граюць у «Beer Station». Там, канешне, няма магчымасці зрабіць нармальны электрычны канцэрт, таму ўсе граюць як атрымаецца. І мы таксама падтрымалі гэтую традыцыю.

Цалкам размова:

Сачыць за дзейнасцю гурта можна ў інстаграм-акаўнце бэнду: https://www.instagram.com/dymnalotvaband/

Беларускае Радыё Рацыя