У Беластоку адкрытая выстава гістарычных і народных строяў беларускай майстрыхі Кацярыны Ваданосавай. Усе экспанаты былі створаныя ўручную самой Кацярынай. Наколькі складана вырабляць народныя і гістарычныя строі? Ці хацелася б Кацярыне, каб выстава строяў прайшла ў Беларусі? І што сталася са строямі, якія не атрымалася вывезці з Беларусі? На гэтыя пытанні адказвае Кацярына Ваданосава ў гутарцы з Юліяй Сівец.
РР: Памятаю, як ты пісала, што марыш, каб у цябе была выстава строяў. І вось мара, можа сказаць, здзейснілася. Якія адчуванні, якія эмоцыі?
Кацярына Ваданосава: Эмоцыі ўжо прайшлі. Калі была першая выстаўка ў Цеханоўцы, тады было складана, вельмі хвалююча, таму што гэта першы такі досвед. А сёння я спрабую, шчыра спрабую, знайсці ў сябе нейкія хваляванні. Смешна тое, што мой арганізм вырашыў, што я мала хвалююся, і калі я сушыла галаву і нахілілася, то ў мяне носам кроў пайшла. Гэта значыць, што ўнутрана я дзесці напэўна хвалююся. Я не загадваю наперад, што будзе, то і будзе. Спрабую не хвалявацца, бо які сэнс.
РР: Чамусьці так і хочацца сказаць, шкада, што гэта ўсё не ў Беларусі праходзіць па ўсіх абласных гарадах. Марыш, што калісьці і ў Беларусі будзе такое?
Кацярына Ваданосава: Я магу сказаць, што ў Беларусі праходзяць падобныя выставы і без мяне. Там насамрэч хапае, што экспанаваць, што паказваць. Я памятаю, як у мінулым годзе, калі ў Мастацкім музеі праходзіла выстаўка традыцыйных, аўтэнтычных строяў, я прасіла знаёмых, сяброў, каб яны схадзілі на выстаўку і зрабілі мне фотаздымкі, бо я сама не магу вярнуцца і паглядзець. Таму, канешне, хочацца калі-небудзь прыехаць дадому, быць патрэбнай там, таму што трошкі дзіўнае адчуванне з таго, што аказалася, мы тут патрэбныя больш, чым там, у нас дома, на роднай зямлі. Але я спрабую зараз жыць без разважанняў і без нейкіх прыкрасцяў, крыўдаў, і я не вельмі загадваю, што магло бы быць. Магло, не магло. Паглядзім, пажывем, пабачым.
РР: На выставе 14 строяў з самых розных перыядаў – ад ХІ стагоддзя да пачатку ХХ. І такія больш канцэртныя строі. А пачыналася з чаго – гэта быў строй з якога перыяду?
Кацярына Ваданосава: Пачыналася ўсё даўно, калі яшчэ ў мяне толькі-толькі з’явілася першае дзіцё. А зараз ёй 13, яна ўжо досыць вялікая дзяўчынка. Я заўсёды любіла гісторыю, я ўвогуле па адукацыі гісторык. Але мне больш за ўсё ў гісторыі падабаецца, як гэта ні дзіўна, мастацтвазнаўства і дэкратыўна-прыкладное мастацтва. Умоўна кажучы, мне трэба было не на гісторыка ісці, а вось акурат дзесці па мастацкім рэчышчы. Мне падабаліся гістарычныя фестывалі, дзе можна паказаць нейкія цікавыя строі. І самыя першыя строі, якія я сшыла, калі мы не бярэм у разлік тое, што яшчэ ў дзяцінстве было, я там прынцэсу іграла. А гэта былі ўжо рэканструктарскія строі. І самы першы нармальны строй – гэта была рэканструкцыя швейцарскага строя 14-га стагоддзя.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя