Беларускі карнавал альбо Каляды – набліжаецца самы яркі і цікавы перыяд для праваслаўных беларусаў. Што такое крывыя вечары? Хто такія калядоўшчыкі? Чаму ў некаторых рэгіёнах Беларусі дагэтуль чакаюць, што калядоўшчыкі будуць хадзіць па дамах і кватэрах? На гэтыя ды іншыя пытанні адказвае фалькларыстка Алена Ляшкевіч у гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Каляды – гэта вялікі перыяд. Якія святы сюды ўваходзяць?
Алена Ляшкевіч: Калі глядзець увогуле на пытанне глабальна, то старажытны сэнс Калядаў, яшчэ дахрысціянскі – гэта святкаванне зімовага сонцавароту. Зімовы сонцаварот 21 снежня, але ўжо сапраўды ад Міколы можна сказаць, што такі калядны перыяд таксама пачынаецца. Можна яго пачатак шукаць увогуле на пачатку перадкаляднага посту, таму што гэта ўжо такая падрыхтоўка да Калядаў у хрысціянскім сэнсе. Але ўласна Каляды ў католікаў – вечар, Вігілія, 24 снежня, гэта свята Трох Каралёў 6 студзеня, а ў праваслаўных першая куцця 6 студзеня і ўласна альбо да 19 студзеня, да Вадохрышча, альбо ў некаторых лакальных традыцыях да 21 студзеня, калі цягнуць Каляду на дуб.
РР: А можна падрабязней, што гэта, калі цягнуць Каляду на дуб? Ці гэта ва ўсіх мясцовасцях Беларусі сустракаецца ці ў нейкай пэўнай мясцовасці толькі?
Алена Ляшкевіч: Найбольш запісаў з Клічаўскага і Бярэзінскага раёнаў, таксама з Бялыніцкага падобныя песні і кропкава на астатняй тэрыторыі Беларусі. Але асноўны арэал – гэта памежжа Магілёўшчыны і Міншчыны.
21 студзеня нейкі прадмет, які завуць “Калядою”, гэта можа быць снапок, можа быць лялька, можа быць гаршчок з куццёй. Гэты прадмет зацягваюць на дрэва, на дуб часцей за ўсё, які там дзесьці самотна стаіць за вёскай, і гэты прадмет там застаецца да наступнага года.
Былі такія расповеды, што ў якасці Каляды на дуб зацягвалі барану, прычым барана ў гаспадарцы патрэбная рэч, то бок ёсць звесткі, што старую барану маглі зацягнуць, якая ўжо не дзейнічае. Таму што старая барана – гэта прылада для разбівання камякоў глебы, і ў яе ёсць зубы. І вось гэтыя драўляныя зубы яны псуюцца. Калі гэта барана прыходзіць у такі стан, што ёй нельга працаваць, то яна служыць ужо такім абрадавым атрыбутам. Але ёсць і звесткі, што і новую барану зацягвалі і яна вісела некалькі дзён ці, можа быць, вісела да вясны. І яе здымалі тады, калі пачыналі палявыя работы. Але Каляды ў выглядзе снапка ці лялькі магла вісець год, і 21 студзеня яе здымалі, спальвалі, а на той жа дуб вешалі новую Каляду. І такім чынам завяршаліся Каляды сімвалічна.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя