Пагартаем культурны каляндар падзей у Беларусі.
Гародня, серада, 5-га чэрвеня – літаратурны квіз. Толькі адзін вечар у «Шустрым вожыку» гасцюе Наталля Галко, аўтарка мноства беларускамоўных настолачак. Менавіта яна і правядзе падзею. У праграме: віктарына, фотаробат, «Кракадзіл», тур з беларускімі фразеалагізмамі, гульня «Літаратурныя цёзкі», загадкі паводле вершаказаў Разанава, паэтычныя галаваломкі, вызначэнне найлепшага чытача. А яшчэ ўдзельнікі атрымаюць памятныя падарункі.
У Мінску у гэты ж час – падзея з Ігарам Бабковым. Тэма першай сустрэчы — «Беларуская метафізічная паэзія: карані і кроны». Гасцей чакае літаратурна-філасофская майстроўня, у якой адбываецца сумесная работа па адмыканні сэнсаў, схаваных пад абалонкай літаратурных твораў. Мадэратар — Ігар Бабкоў, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт.
На наступны дзень, у чацвер, у Менску – Фестываль дзіцячай кнігі «Міхасёвы прыгоды». Спачатку гасцей тут чакаюць “Творчыя сустрэчы ў Доме Коласа»: У межах кожнай з іх — аўтограф-сесія пісьменніка і гульня-віктарына з падарункамі. Цягам дня — майстар-класы: па арома-мачалках; па вырабе лялек; па маляванні і іншыя.
У Менску таксама адбудзецца майстар-клас па вырабе водара з сапраўдных півонь, лекцыя і фотасесія на сядзібе. Патрабуецца папярэдняя рэгістрацыя.
У пятніцу ў сталіцы – Дзень адчыненых дзвярэй у музеі-дачы Васіля Быкава пад Менскам. Тут будзе бясплатная экскурсія па былым лецішчы Быкава, якую правядзе куратарка філіяла Ірына Князева.
У Гародні пачынаецца фестываль нацыянальных культур. Ён працягнецца да 9-га чэрвеня. Імпрэза стартуе з шэсця, прадстаўлення ўсіх нацыянальных аб’яднанняў і вялікага канцэрта на галоўнай сцэне фестываля. У суботу на цэнтральных вуліцах і плошчах разгарнецца 19 нацыянальных падворкаў, дзе па традыцыі будуць песні і танцы, гульні, конкурсы, стравы народнай кухні. Тут жа абяцаюць свята «Галоўны па мясе», бітву дыджэяў, фестываль футбольных сем’яў, коннае шоў і іншае. Уваход вольны.
У Менску – Творчая сустрэча аўтараў аўдыёвізуальнага мастацтва «HLIADAČ». Абяцаюць прагляд аўтарскіх прац на вялікім экране тэатра. У праграме: «Три пришельца» Жэні Малаковіча, «Усё нармальна» Антона Жука, «Ты і Я» Анастасіі Сергіені І шмат іншых.
Фэст «Цімкавіцкія вытокі» ў гонар Кузьмы Чорнага пад Капылём разгарнецца ў суботу, 8-га чэрвеня. Тут чакаюць экскурсіі па музеі з чаяваннем; сустрэчы з літаратарамі; майстар-класы; спектаклі па ягоных творах; гульні, кірмаш ды мноства іншых забаў.
А таксама 8-га чэрвеня ў Менску – Фэст дамашніх гадаванцаў ZOO FEST. У праграме: лекторый, фудкорт, маркет, фрысбі і іншыя выступленні з гульнямі і трэніроўкамі жывёл. Галоўная сцэна з насычанай забаўляльнай праграмай. Дабрачынныя зоны, у якіх можна даць прытулак бяздомнаму гадаванцу. Забавы для жывёл і іх уладальнікаў: конкурсы з прызамі ад партнёраў, фотазоны ды іншае. Сюды ж можна прынесці корм, аксэсуары ды іншыя рэчы, патрэбныя гадаванцам, ды ахвяраваць іх валанцёрам.
Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!