BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Каляндар беларускіх культурніцкіх падзей за мяжой

Прапануем пагартаць разам з намі каляндар беларускіх культурніцкіх падзей.

У Варшаве 5-га чэрвеня – тэатральная студыя «Купалінка» святкуе Народзіны. Тут чакае тры прэм’еры:  «Сляза Волата» — першая пастаноўка п’есы С. Кавалёва, «Кветкі пад залевай» паводле п’есы І. Сідарука, «Мой шлях» — галасы мігрантаў і іх гісторыі, сплеценыя з успамінаў.  У праграме таксама сюрпрызы, анонс далейшых планаў, інтэграцыя, цікавыя госці. Уваход вольны.

Таксама ў Варшаве – 6 чэрвеня – Вечар жаночых чытанняў. Гэта прастора, дзе беларускія паэткі, пісьменніцы, драматургіні і аматаркі беларускай літаратуры чытаюць тэксты, напісаныя жанчынамі. У межах імпрэзы прагучаць і тыя тэксты, якія літаратаркі напісалі самі, і тыя, што напісалі аўтаркі, якія з розных прычын не змогуць далучыцца да імпрэзы ў Варшаве. Удзел бясплатны.

У Н’ю-Ёрку 7-га чэрвеня – прэм’ера фільма «Пад шэрым небам». На першых двух паказах – 7-га і 10-га чэрвеня – будзе прысутнічаць рэжысёрка Мара Тамковіч і чальцы здымачнай групы. Стужка распавядае гісторыю палітзняволенай Кацярыны Андрэевай.

У Вільні –  выстава Алега Аблажэя. Самыя раннія малюнкі датаваныя 1979, калі ён вучыўся на першым курсе Віленскага мастацкага інстытута. Апошнія выкананыя ў 1990 годзе. Выбар абумоўлены тым, што гэта пераломныя гады ў фармаванні візуальнай мовы мастака. Ён  прыехаў у Вільню «пасля вучобы ў Віцебску, марыў аб сучасным мастацтве, уцякаў ад сацыялістычнага рэалізму, які тады панаваў у Беларусі».  У Віленскім мастацкім інстытуце Алег Аблажэй паступова стаў больш канцэнтравацца не на фармальных пошуках, а на выяўленні сваіх моцных бакоў як графіка. Менавіта гэтыя работы васьмідзясятых гадоў замацавалі грунт ягонай моцнай рэпутацыі сярод калег, але за межамі вузкага кола тагачасных навучэнцаў Віленскага мастацкага інстытута яны заставаліся невядомымі. Выстава працуе па 13 чэрвеня. Уваход вольны.

Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя