У пятніцу ў Вільні клічуць на новы, вясновы Шпакоўнік — цыкл музычна-паэтычных сустрэч, натхнёных творчай ініцыятывай актрысы Анастасіі Шпакоўскай.

Гэтым разам, акрамя артысткі, удзел бярэ тэатр «Разам». У яго рэпертуары такія спектаклі, як «Вольныя», «Мая мама ў турме», «Сны пра Беларусь» і іншыя. У іх — разважанні пра каханне, туга па радзіме, гонар за сваю гісторыю і людзей, якія яе стваралі. Пастаноўка складаецца з вершаў беларускіх паэтаў і песень сучасных беларускіх гуртоў. Далучыцца да падзеі і музычны праект «Naka acoustic». Уваход вольны.
У суботу беларусы Кракава гукаюць вясну. У хатцы на беразе возера, што за 15 км ад Кракава. У праграме: архаічны абрад гукання, спевы ў выкананні гуртоў «Лялея» і «Лэля», варштат беларускіх народных танцаў, этна DJ sets, музычны джэм і open stage для ўсіх ахвотных. Калі ёсць, бярыце свістулькі, дудкі, сапелкі — клікаць птушак.
У суботу ў Беластоку — канцэрт гурта Relikt. Музыка калектыву — гэта шлях да сябе, памяці пра свае карані і адчування сілы часу, прыроды і свету. Бэнд з трох айцішнікаў і электрыка ўзнік у Светлагорску, паспеў змяніць беларускую рок-сцэну, а цяпер працягвае сваю творчасць у Еўропе. Гэта музыка для тых, хто верыць у цуды і гатовы здзіўляцца зноў, нават калі здаецца, што ўсё ўжо перажыў. Калі вам блізкія незвычайныя рытмы, моцны вакал і гітарныя эфекты – варта быць на падзеі. На канцэрце Relikt чакае шчырасць, настальгія і рэфлексія, але таксама будзе месца і для весялосці і танцаў.
У суботу Свабодны тэатр грае ў Варшаве спектакль «ONYX». «Нам яшчэ не было васямнаццаці, мы жылі ў спальным раёне на ўскрайку Менска, слухалі рэп усходняга ўзбярэжжа, пераважна Onyx, і былі ўцягнутыя ў крымінальнае асяроддзе: часткова — з-за адсутнасці выбару, часткова — свядома, пад уплывам крымінальнай рамантыкі». Спектакль па п’есе Максіма Дасько зрэжысаваны Юляй Шаўчук. Энергічны, вострасюжэтны, смешны, з пахам смажанай бульбы і палёнага пораху. Спектакль, які з першай хвіліны вяртае ў шчаслівыя, але шалёныя 1990-я. Граць пастаноўку будуць новым складам тэатра.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: @razamnews






