BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Каляндар беларускіх культурных падзей у замежжы

Прапануем пагартаць разам культурны каляндар беларускіх падзей у замежжы.

У пятніцу, 5-га ліпеня, упершыню ў Лондане – канцэрт-лекцыя «Гучыць Скарынаўка. Духоўныя творы Міколы Куліковіча». Тут прагучаць музычныя творы выбітнага беларускага кампазітара у выкананні Concordia Choir (мастацкі кіраўнік і дырыжор – Галіна Казіміроўская).

Таксама з пятніцы і да нядзелі разгорнецца Фестываль S V A E ва Уроцлаве. У праграме: Купалле з KRIWI, Паход з «ІдзеМЫ ў горы», ёга ад Yoga Wrocław, заняткі ад «Мова Нанова», забавы і майстар-класы, спартыўныя актыўнасці, сплаў на байдарках, лазня ды іншае.

Купальскі пікнік у Лодзі адбудзецца ў суботу, 6-га ліпеня. Прыходзьце, каб зрабіць павукоў з саломы; сплесці свой купальскі вянок, паслухаць добрую музыку ад Алеся Лютыча з гурта :B:N:, смачна паесці і пабавіць час разам з беларусамі.

У Познані 6-га ліпеня – Купальская імпрэза. Фэст пачнецца з разнастайных актыўнасцяў і завершыцца музыкай, танцамі і выступамі беларускіх артыстаў. Для гасцей зайграюць MUSTELIDE, Фрыдрых Самотны, Žuravl і іншыя.

У Торуні Купалле на беразе Віслы адзначаць у суботу. У праграме: квэст па старуўцы, пляценне вянкоў, спевы і танцы, забавы для дзяцей і дарослых, казкі для дзяцей пра магічных істот, вогнішча ды пікнік.

Купалле пад Таронта чакае ўсіх ахвочых 6-га ліпеня. Госці змогуць узяць удзел у купальскіх абрадах, заспяваць аўтэнтычныя беларускія песні, і, вядома ж, скокнуць праз вогнішча. Таксама тут чакаюць народныя гульні і танцы, агульная вячэра і дыскатэка пад зорным небам.

У Гданьску ў нядзелю, 7-га ліпеня, выступяць са стэндапам Дзіма Нарышкін, Максім Канавал і Дзіма Саў’ян. Гумар, музычныя імправізацыі, энергія і запал.
 
І на завяршэнне – пра спорт. 14 ліпеня, у нядзелю, у Варшаве запрашаюць паглядзяць фінал Еўра з беларускімі каментарамі ад Сашы Івуліна і Яраслава Пісарэнкі. Абяцаюць сапраўдны футбольны фэст для беларусаў. Дзецям да 12 гадоў – уваход вольны.

Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя