Прапануем пагартаць культурны каляндар беларускіх падзей у розных кутках свету.
У Кракаве 12-га чэрвеня – канцэрт этнагурта «Laleja». Пад кіраўніцтвам Настассі Хмель калектыў працуе з 2022 году. У дзяўчат ёсць традыцыя штогод ладзіць сольны канцэрт, каб падзяліцца новымі творамі і разам заспяваць тыя, што палюбіліся за гэты час. Гасцей чакае магічны і прыгожы вечар беларускіх спеваў, якія дапоўняцца ігрой на хангу. Уваход — вольны данат.
У Варшаве 12-га чэрвеня – супольны канцэрт музыкаў Applepicker і Pukst&Agayan.
У Польшчы адбываецца тур Сашы Філіпенкі. 11-га чэрвеня – Познань, 13-га – Кракаў, 14-га – Лодзь, 15-га – Варшава, 18-га – Беласток. Спадар Саша раскажа, як тэксты адлюстроўваюць час, размываючы межы паміж рэальнасцю і выдумкай, як пісьменнікі становяцца правадырамі гісторыі. Таксама распавядзе аб досведзе працы ў архівах розных краін і пра падарожжы па слядах герояў сваіх раманаў, аб сутыкненні фікшна і нон-фікшна. Яшчэ прачытае ўрыўкі з рамана «Крэмулятар», распавядзе аб новых працах і адкажа на пытанні.
12-га чэрвеня ў Берліне адкрываецца выстава, прысвечаная Алесю Бяляцкаму. Працягнецца да 5-га ліпеня. Падзея дакументуе складаную і бесперапынную барацьбу беларускага праваабаронцы за дэмакратычную краіну. Праект распавядае пра жыццё палітзняволенага і яго шматгадовую дзейнасць па развіцці і ўмацаванні грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Кожныя чацвер і пятніцу на працягу ўсяго дня будуць ладзіцца адкрытыя экскурсіі з прадстаўнікамі суполкі RAZAM e.V.
У Познані 14-га чэрвеня – монаспектакль Зоі Белахвосцік «Moj Hleb». Публіку чакае шчыры аповед пра асабісты жыццёвы шлях, пра гісторыю тэатральнай дынастыі, пра падзеі ў Беларусі, якія жорстка адбіваліся на лёсе Купалаўскага тэатра і Купалаўцаў, і пра тое, як гэтая спіраль часу замыкаецца ў кола і дае магчымасць асэнсаваць памылкі, вучыцца, прыгадваць, усміхацца і плакаць.
14-га ж чэрвеня ў Варшаве – Biełaruś Summer Party. На сцэне — кавер-бэнд «G.Ducks» з удзельнікаў беларускіх гуртоў: J:mors, Volski і Ляпісаў. У праграме – летнія хіты — найлепшыя беларускія песні, выкананыя драйвова з летнім вайбам.
У Гданьску да 16-га чэрвеня працягваецца выстава Дар’і Каляды «Страчаная фотастужка». «З’язджалі мы ўсе, пакуючы рэчы ў спешцы, распакоўвалі медытатыўна, як падарункі, — кожная кніжка, ліст, дробязі захоўваюцца, як кавалак дома, у які вярнуцца можна толькі спадзявацца. Згубілася там і непраяўленая стужка без пазнак. На ёй – Мінск, пачатак 2014 года. Той самы наш Мінск, які дагэтуль сніцца і які ўжо ніколі не вернецца. Гэтая выстава — не свята ганарыстасці і не падвядзенне вынікаў. Я проста хачу падзяліцца кавалкамі памяці», — кажа спадарыня Дар’я.
Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя