Прапануем разам пагартаць культурны каляндар беларускіх падзей у розных кутках Польшчы.
Варшава. У суботу, 11-га траўня, беларускія спевы на вольным паветры. Івэнт мае назву «Страла» і прысвечаны старажытнаму беларускаму абраду «Ваджэнне Стралы». Ён сімвалічна завяршаў вясну, адкрываў лета і бараніў вёску ад ліхой долі, маланкі, дрэннага ўраджаю і навальніцы. У праграме: мікра-лекцыя пра свята, традыцыйныя спевы веснавога і летняга перыяду, фрагмент рэканструкцыі абрада, вогнішча і рытуальнае спальванне дрэннага ў мінулым. Уваход вольны
У сталіцы Польшчы ў суботу грае «Lity Taler». Арганізатары запрашаюць у кавярню «Каралеўская кава» выпіць кубачак шляхетнай кавы пад музыку фольк-гурта ды добранька патанчыць. Абяцаюць вечар гістарычнай музыкі. Уваход вольны.
І ў суботу ж у Варшаве – «Шчасьлівы муж» паводле Францішка Аляхновіча. Тут разгарнецца «старасвецкая камедыя пра мяшчанскую Вільню у свежай інтэрпрэтацыі нашага стагоддзя». Рэжысёр, аўтар адаптацыі — Васіль Дранько-Майсюк.
У Беластоку ў суботу, 11-га траўня, пленэр па хуткім маляванні. Тут прапануюць маляваць містычныя вобразы на вольным паветры. План наступны: вывучыць прыёмчыкі для хуткіх скетчаў і памаляваць у тэхніцы маленькіх фарматаў абмежаванымі матэрыяламі. На гэтым прыкладзе госці змогуць далей маляваць самі ў любых абставінах. Пленэр доўжыцца каля 2 гадзін. Досвед малявання не абавязковы. Майстар-клас праводзіць мастачка Таццяна Калач.
Таксама ў суботу, 11-га траўня, Bourbon Man прывозіць свой брудны блюз у Беласток. Загадкавы і змрочны хлопец з Менска, грае трэш-блюз на трохструннай гітары і перкусіі. Тут можна пачуць гісторыі пра алкаголь, жанчын і тыповыя блюзавыя тэмы. Магутная сумесь паліва і старога амерыканскага напою з невядома яшчэ чым.
А ў Кракаве ў суботу даюць супольны канцэрт беларускі фолк-гурт «Dzieciuki» і польскія панк-рокеры «SKAcowani». «Dzieciuki» — панк-фолк гурт з Гародні, створаны ў 2012 годзе з музыкаў розных андэграўндных калектываў.
Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя