BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Каляндар цікавых беларускіх падзей

У панядзелак, 15 верасня, у Кракаве – творчы вечар пісьменніка і барда Змітра Бартосіка. Ён запрашае шаноўную публіку ў падарожжа: у часы перадваенныя і акупацыйныя — прэзентацыя кнігі «Быў у пана верабейка гаварушчы»; у эпоху пасляваеннага супраціву саветызацыі — «Забіць упалмінзага»; у блізкія 1990-я гады, якія аўтар уваскрасіць сваімі сатырычнымі песнямі і жыццёвымі анекдотамі.

У дапамогу пану артысту ўвесь вечар будзе віртуозны баян Таццяны Карпіловіч. Кожны, хто набудзе кнігу, у якасці бонуса атрымае арыгінальныя паштовыя маркі Беларусі з пачатку 1990-х гадоў.

У Берліне працягваецца Міжнародны літаратурны фестываль. У панядзелак тут адбудзецца дыскусія з удзелам пісьменніка Альгерда Бахарэвіча «Выгнанне — гэта зямля прамежкавых прастор». Што адбываецца, калі пішаш, калі месца жыхарства і звыклае асяроддзе раптам больш недаступныя? Творца быў вымушаны пакінуць краіну па палітычных прычынах. І ён распавядзе пра свой досвед пошуку стабільнасці і пра тое, як ён спраўляецца з тугой і стратай у літаратуры. Якія выклікі і магчымасці прыносіць жыццё за мяжой для дзейнасці? Мерапрыемства будзе праходзіць на нямецкай і англійскай мовах з сінхронным перакладам.

У Вільні працягваецца беларуская квір-выстава «Права быць». На ёй прадстаўлены творы сучасных квір-мастакоў і мастачак, якія працуюць у жанрах жывапісу, графікі, калажа і digital-art. Экспазіцыя аб’ядноўвае аўтарак і аўтараў, чые працы даследуюць пытанні міграцыі, культурных кодаў і перасячэння асабістага і палітычнага досведаў. У аўторак тут чакаецца варштат па лепцы з гліны. А ў пятніцу — завяршальная падзея выставы, кінапаказ і квір-квіз. Уваход вольны.

У аўторак ва Уроцлаве — новая лекцыя Андрэя Хадановіча пра беларускую літаратуру з цыклу «Доўгая дарога дадому». Яна гэтым разам прысвечана паэтцы Ларысе Геніюш. Абмяркуюць: ці былі ў Беларусі сапраўдныя дысідэнты? Як фармавалася асоба і паэтыка беларускай аўтаркі? «Кампрамат» спецслужбаў: ці падпісвала Геніюш зварот да Гітлера? Як чэшскую грамадзянку выдалі саветам і што адбывалася ў ГУЛАГу? Лекцыя будзе па-беларуску з паралельным перакладам на польскую мову для ахвочых. Будзе і анлайн-трансляцыя ў падзеі на фэйсбуку. Уваход вольны.

Такія імпрэзы чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя