BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Каляндар цікавых беларускіх падзей

У панядзелак, 16 сакавіка, у Варшаве ФШ1 запрашае на сустрэчу з куратаркай Вольгай Кліп – незалежнай культурнай менеджаркай і ментаркай для мастакоў, якая жыве цяпер у сталіцы Польшчы. З 2013 года дзеячка курыруе выставы і адукацыйныя праекты ў музеях, галерэях і  ініцыятывах.

Яе інтарэсы ўключаюць сучаснае мастацтва Усходняй Еўропы, новыя формы супрацоўніцтва паміж мастакамі і інстытуцыямі, а таксама практыкі клопату пра сябе і дабрабыт у прафесійным асяроддзі. Падчас сустрэчы спадарыня Вольга раскажа тое, на чым палягае супраца мастака і куратара.  Асобная ўвага будзе аддадзена практычным аспектам: як пачынаецца супрацоўніцтва, што важна для куратара ў практыцы аўтара і як мастакі могуць рыхтавацца да прафесійнага дыялогу і супольнай працы.

У панядзелак у Эдынбургу – творчая сустрэча з пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам і паэткай Юляй Цімафеевай. Абмяркуюць выкарыстанне беларускай мовы як непадпарадкавання і літаратуры як супраціву. Вечар завершыцца аўтограф-сесіяй і магчымасцю пазнаёміцца з аўтарамі.

У аўторак у Празе – сустрэча з праваабаронцам, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру, былым палітвязнем Алесем Бяляцкім. Спікер распавядзе пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі, досвед палітычнага зняволенага, важнасць грамадзянскай супольнасці ў аўтарытарных рэжымах і ролю, якую міжнародная салідарнасць можа адыграць у абароне правоў чалавека.

У аўторак у Кракаве – квіз «Шуфлядка». Зноў адкрываюць «Шуфлядку», каб разам паразважаць над пытаннямі пра роднае і «калякультурнае». Гэта квіз для беларусаў і беларусак, на беларускай мове і пра ўсё беларускае (і не толькі). Узровень цяжкасцi пытанняў камфортны. Настрой – утульны.  Вас чакаюць: кіно, музыка, традыцыі, медыцына, прырода і фірмовы «тур з зорачкай»; 7 тураў, 8 заданняў у кожным; разнастайныя цікавыя механікі. Каманды – ад 2 да 8 чалавек.

У аўторак у Вільні суполка “Іншыя” запрашае на арт-майстэрню “Маска ценю”. У кожнай з нас ёсць цені, якія шэпчуць: “у цябе не атрымаецца”, “яшчэ не час” ці “а што падумаюць іншыя?”. Мы прызвычаіліся ўцякаць ад сваіх страхаў, але што, калі мы зробім іх бачнымі і дамо ім форму? На арт-майстэрні вы матэрыялізуеце: створыце маску, якая ўвасабляе ваш унутраны страх; зразумееце, ад чаго гэты страх нас бароніць і якую сілу ён у сабе хавае; пройдзеце праз арт-практыку вызвалення. Вы вырашыце самі: пакінуць маску як знак перамогі, змяніць яе да непазнавальнасці ці сімвалічна з ёй развітацца.

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя