Беларусаў Літвы запрашаюць адсвяткаваць Дзень Волі. У нядзелю, 30 сакавіка, у Вільні ладзяць шпацыр “Віленскія адрасы дзеячоў БНР”. Прыносце на мерапрыемствы сцягі сваіх раёнаў.

28 сакавіка ў Даўгаўпілсе адкрылася выстава плакатаў «Belarus = Europe» беларуска-дацкага мастака Pan Zmi Thor. Мастак і дызайнер з дапамогай двух дзясяткаў выразных плакатаў спрабуе разбурыць стэрэатыпы прапаганды пра ідэнтычнасць Беларусі ў свядомасці гледачоў. На думку аўтара, выстава не толькі канстатуе цяперашнюю складаную сітуацыю ў краіне, але і ўмацоўвае надзею на вызваленне і еўрапейскую будучыню Беларусі. Выстава ўжо дэманстравалася ў Таліне і зараз папоўнілася новымі работамі.
У суботу 29 сакавіка ў Варшаве – прэзентацыя кнігі Ганны Златкоўскай «Дзяўчынкі-шкло». Гэта працяг аповесці «Страшна жыць, мама», якая таксама ўвайшла ў гэтую кнігу. Раман пра выбар жыццёвай стратэгіі, пра лёс, які часта здаецца за межамі выбару, пра жанчын і мужчын, пра тое, як страшна жыць… Аб болі, з-за якой, быццам бы, так і не здабыць доўгачаканага шчасця, але ўсё ж магчыма, калі аднойчы зразумееш, што без расколін яно недасяжнае.

У суботу Тэатр Эмігрант грае ў Познані спектакль «Шум» паводле ўкраінскай і беларускай паэзіі. Гэтая пастаноўка — невялікая анталогія ўкраінскай паэзіі, якая асвятляе творчасць «расстралянага адраджэння», паэзіі шасцідзесятнікаў, а таксама вершаў, напісаных у гады цяперашняй вайны. Прагучаць у спектаклі і творы беларускіх паэтаў ХХ стагоддзя, якія перажылі такія ж трагедыі, што і іх украінскія калегі. «Szum» — гэта незвычайнае падарожжа ва ўспаміны, думкі, унутраны свет і ўглыб сэрца, а правадыром у ім будзе музыка ўкраінскай мовы.
У суботу – гурт «Naka» грае вясновы канцэрт у Варшаве.
У нядзелю 30 сакавіка ў Бостане адбудзецца сустрэча з «Navi Band». Тут чакае: святочны беларускі кірмаш да Дня Волі; камерная сустрэча з выканаўцамі і хіты ўжывую; мерч з подпісам Арцёма і Ксюшы.

У нядзелю Света Бень грае канцэрт у Вільні. Будзе і прэзентацыя зборніка вершаў «З ямкі земляной». У праграме – песні і вершы — ад самых сумных да самых радасных, размовы пра ўсё і нечаканыя сюрпрызы.
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






